Крушэнне «Боінга» ў Растове-на-Доне: што вядома пра авіякатастрофу лайнера Flydubai
Пасажырскі лайнер Boeing 737-800 авіякампаніі Flydubai разбіўся ў ноч на 19 сакавіка ў аэрапорце Растова-на-Доне пры заходзе на пасадку.
Фота: bbc.com
Самалёт садзіўся ў дрэнных метэаўмовах і, паводле папярэдняй версіі, зачапіўся крылом за ўзлётна-пасадачную паласу пры паўторнай спробе прызямліцца. На борце лайнера знаходзіліся 55 пасажыраў і 7 членаў экіпажа, усе яны загінулі.
«Боінг» ляцеў з Дубая ў Растоў-на-Доне. Самалёт выконваў рэйс FZ981 па маршруце Дубай — Растоў. Сярод пасажыраў былі сем'і, якія ляцелі дадому з адпачынку. Самалёт вылецеў з Дубая а 22:38 па мясцовым часе (21:38 па маскоўскім) і павінен быў прызямліцца ў Растове прыкладна ў гадзіну ночы.
Аэрапорт Растова працаваў па фактычным надвор'і. Увечары ў пятніцу ў Растове-на-Доне назіраўся моцны парывісты вецер, і аэрапорт прымаў і адпраўляў рэйсы з затрымкамі. «Боінг» здзейсніў першую спробу пасадкі а палове на другую ночы, пасля чаго прыкладна дзве гадзіны лётаў над горадам і выпрацоўваў паліва, выбіраючы момант паміж парывамі ветру для паўторнага заходу.
У 03:41 самалёт знік з радараў. Лайнер заходзіў на пасадку з боку горада Аксай і ўпаў у 253 метрах ад узлётна-пасадачнай паласы, перад гэтым закрануўшы ўзлётную паласу крылом. За крушэннем адбыўся выбух, самалёт цалкам разбурыўся.
Загінулі 55 пасажыраў і ўвесь экіпаж. Сярод пасажыраў самалёта былі 18 мужчын, 33 жанчыны і чатыры дзіцяці. Гэта пераважна грамадзяне Расіі; таксама вядома пра трох грамадзянах Украіны, аднаго грамадзяніна Узбекістана і аднаго грамадзяніна Індыі. Экіпаж складаўся з сямі чалавек, афіцыйных звестак пра асобы пілотаў і бортправаднікоў пакуль няма. Як мяркуецца, экіпаж быў міжнародным, у асноўным з ААЭ, але ёсць звесткі пра іспанцаў, пілота-грэка і аднаго расейца.
Асноўная версія крушэння — сутыкненне з зямлёй пры дрэнных умовах надвор'я. Як сведчаць першыя высновы следства, версія тэракту выключаная. Па якой менавіта прычыне самалёт зачапіў узлётна-пасадачную паласу пры пасадцы, пакуль не ўстаноўлена. Разглядаюцца тры найбольш верагодных сцэнару: тэхнічная няспраўнасць, памылка пілотаў і ўплыў умоваў надвор'я.
Пілот «Боінга» сядаў у Растове ўпершыню. Па дадзеных крыніц ТАСС, раней ён ні разу не заходзіў на пасадку ў аэрапорце Растова-на-Доне.
У Растоўскай вобласці абвешчана жалоба. У рэгіёне ўшануюць памяць загінулых у нядзелю, 20 сакавіка.