Ларыса Жыхар: поўнай абяцанай амніcтыі — няма

Больш тысячы непаўнагадовых, што сядзяць у Беларусі па артыкуле 328 (злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў), патрапяць пад амністыю.

999_1.jpg

Такую інфармацыю паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 16 кастрычніка.

Ларыса Жыхар, кіраўнічка руху «Маці-328», лічыць гэту інфармацыю недакладнай:

— Калі распрацоўваўся праект пра амністыю, ён быў прыняты і падпісаны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Там гаварылася, што непаўналетнім мінус два гады, астатнім па частцы другой і частцы трэцяй артыкула 328 – мінус год. Але зараз у месцах зняволення знаходзіцца шмат як непаўналетніх па чацвёртай частцы, так і сярод дарослых хлопцаў па чацвёртай частцы, на якую амністыя не распаўсюджваецца.

Ларыса Жыхар таксама лічыць, што інфармацыю па амніставаных па дадзенаму артыкулу трэба падаваць больш дакладна.

— Калі ўсё ж такі ў месцах пазбаўлення волі ты атрымаў званне «злосніка», то бок за табой ёсць парушэнні рэжыму, на цябе амністыя таксама не распаўсюджваецца. Таму як можна заяўляць пра 100-працэнтую амністыю для непаўналетніх. Канешне, калі б гэта здарылася, зразумейце, я была б вельмі рада. Але пакуль гэта толькі словы, якія сказаў начальнік наркакантролю Казакевіч Генадзь Аркадзьевіч.

Кіраўнічка руху “Маці-328” таксама вельмі радая, што пад гэтую амністыю патрапіць яе сын, які ў лістападзе 2019 году мусіць выйсці на волю.

Беларускае Радыё Рацыя