Латвія цягам двух месяцаў будзе выдаваць бясплатныя візы
Амбасада Латвіі ў Мінску ў канцы 2016 года і пачатку 2017 года не будзе патрабаваць ад беларусаў аплаты за ўязную візу коштам у 60 еўраў.
Латвійская авіякампанія «AirBaltic» разам з амбасадай Латвіі ў Мінску абвясціла аб супольнай акцыі, прымеркаванай да дзён Латвіі ў Беларусі «Taste Latvia — Адчуй Латвію».
Авіякампанія «AirBaltic» ад 14 лістапада 2016 года да 15 студзеня 2017 года будзе прадаваць авіяквіткі на кірунку Мінск—Рыга—Мінск па спецыяльных льготных тарыфах. У перыяд правядзення акцыі амбасада Латвіі прапануе для грамадзян Беларусі шэнгенскую ўязную візу без аплаты дзяржаўнай мыты памерам 60 еўраў. Пра гэта парталу Travel.otzyv.by распавёў кіраўнік Консульскага аддзелу Латвіі ў Беларусі Марціс Максімс.
Паводле дыпламата, дзеля таго, каб атрымаць вызваленне ад выплаты мыты за візу, турысту трэба выканаць дзве ўмовы: прадставіць пры падачы дакументаў на візу бронь гатэлю ў Латвіі не менш чым на дзве ночы і авіяквіткі кампаніі «AirBaltic» на маршруце Мінск—Рыга—Мінск.
Парадак падачы дакументаў прынцыпова не зменіцца. Два дакументы, згаданыя вышэй, мусяць прыкладацца да звычайнага набору дакументаў.
Турысты могуць таксама запытваць як пра аднаразовую, так і шматразовую візу. Але пры запыце на больш працяглыя тэрміны візы консульская служба будзе разглядаць візавую гісторыю заяўніка і статыстыку наведвання ім Латвіі.