Legalize Belarus даслалі ў дзяржаўныя органы петыцыю за дэкрыміналізацыю

У дзень пачатку восеньскай сесіі парламенту актывісты Legalize Belarus даслалі ў дзяржаўныя органы петыцыю, збор подпісаў пад якой пачаўся яшчэ ў лютым.

Ілюстрацыйнае фота, on.ge

Ілюстрацыйнае фота, on.ge

За 7 месяцаў зварот падтрымалі 2969 чалавек (2444 анлайн і 525 на папяровых носьбітах). Петыцыя накіраваная ў Палату прадстаўнікоў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства ўнутраных справаў. У петыцыі прапануецца ўвесці панятак «малой колькасці» для кожнага з кантраляваных рэчываў і адмяніць крымінальную адказнасць за зварот кантраляваных рэчываў у колькасцях, якія не перавышаюць вызначаныя памеры малой колькасці для дадзенага рэчыва.
Да самога звароту актывісты далучылі два суправаджальныя лісты («Недахопы артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь» на 2 старонках і «Наркапалітыка ў Чэхіі, Партугаліі і Нідэрландах. Урокі для Беларусі» на 14 старонках), а таксама праект закону пра асаблівы статус канабісу, дзе прапануецца цалкам адмяніць адказнасць за зварот канопляў у памерах, якія не перавышаюць ½ буйнога памеру.
Сёння спажыванне кантраляваных рэчываў фактычна з’яўляецца крымінальным злачынствам (хоць фармальна за спажыванне крымінальных санкцыяў няма). Дэкрыміналізацыя вырашыць праблему крымінальнага пераследу спажыўцоў і прымусіць міліцыю факусавацца на пошуку вытворцаў і буйных пастаўцоў наркотыкаў.