Літоўскія памежнікі вывудзілі з Нёмана беларускія цыгарэты на 11 тысяч еўра

Літоўскія памежнікі выцягнулі ўчора ўвечары з Нёмана партыю беларускіх цыгарэт, замаскіраваную травой і брудам. Кантрабандысты меркавалі, што такім чынам тавар будзе ўспрыняты кавалкам зямлі або дрэва, паведамляе Дзяржпамежслужба Літвы.

0923_zoles1_54945.jpg

Падазроны аб'ект быў выяўлены ў вёсцы Гердашай Друскінінскага муніцыпалітэта. Памежнікі ішлі за ім каля гадзіны, а пасля спусцілі ў раку маторную лодку. Тавар паднялі на бераг у пары кіламетраў ад месца выяўлення.

Высветлілася, што кантрабандысты везлі з Беларусі ў Літву шэсць злучаных паміж сабой каробак, у якіх выявілі 3 тысячы пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі.

Кардонныя завадскія скрынкі для цыгарэт былі шчыльна абгорнутыя чорнай поліэтыленавай плёнкай, а зверху былі накіданыя трава і бруд. Таксама была выяўленая прылада GPS, якая дапамагла б саўдзельнікам кантрабандыстаў у Літве вызначыць дакладнае месцазнаходжанне дастаўленага грузу.

Паведамляецца, што да падобных выкрутаў кантрабандысты звяртаюцца ў халодную пару года. Узімку злучаныя паміж сабой пачкі цыгарэт з грузам апускаюцца ў ваду, а зверху кідаюцца кавалкі зацвярдзелага снегу або лёду.

Кошт знойдзенага грузу з улікам усіх абавязковых падаткаў складае амаль 11 тысяч еўра.

Паводле reform.by.