«Лялькавод гэтых маршаў — наша сумленне». Інваліда-вазочніцу асудзілі за мірныя акцыі

«Мне зрабілі 4 аперацыі, таму я ўжо мала чаго баюся ў сваім жыцці. А вось тое, што адбываецца ў нашай краіне, — сапраўды страшна. Таму я і выйшла на мірны пратэст», — распавяла інвалід-вазочніца, якую асудзілі за ўдзел у маршах пратэсту, паведамляе .



Валянціна Крыштапенка на мірным маршы 11 кастрычніка. Фота: Сяргей Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Валянціна Крыштапенка на мірным маршы 11 кастрычніка. Фота: Сяргей Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Суд Віцебскага раёна 16 кастрычніка аштрафаваў на 7 базавых велічынь (189 рублёў) 56-гадовую Валянціну Крыштапенку — інваліда першай групы. Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных маршах пратэсту, якія прайшлі ў Віцебску 4 і 11 кастрычніка.

Міліцыя склала на Валянціну Крыштапенку два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных шэсцях 4 і 11 кастрычніка. У іх гаворыцца, што жанчына «трымала транспарант», «выкрыквала лозунгі».

Валянціна Крыштапенка пагадзілася, што ўдзельнічала ў шэсцях, але віну не прызнала:

— Я маю права на свабоду выказвання свайго меркавання. Гэта права мне дае Канстытуцыя. Я прыйшла на марш, каб мяне пачулі. Выбары былі незаконныя, і я супраць гвалту ў дачыненні да людзей, можна нават сказаць, генацыду. Да таго часу, пакуль будуць у нашай краіне біць людзей, я буду выходзіць на мірныя дэманстрацыі, чаго б мне гэта ні каштавала.

Каб трапіць на мірныя дэманстрацыі, жанчыне давялося ехаць са свайго аграгарадка ў Віцебск на таксі. Затым, па яе словах, яна далучалася да пратэстоўцаў і прасіла незнаёмых людзей на маршы, каб тыя везлі яе на інвалідным вазку наперадзе калоны.

 

Марш салідарнасці 4 кастрычніка ў Віцебску. ​​​​Фота: Таццяна Матвеева, TUT.BY

Марш салідарнасці 4 кастрычніка ў Віцебску. ​​​​Фота: Таццяна Матвеева, TUT.BY

На судзе прагледзелі міліцэйскія відэазапісы з двух апошніх нядзельных мірных маршаў пратэсту ў Віцебску. Валянціна Крыштапенка пазнала сябе на ўсіх роліках.

— Калі вы ў мяне спытаеце, хто арганізатар, лялькавод гэтых маршаў, я адкажу: гэта наша сумленне, — заявіла жанчына суддзі Міхаілу Зубене.

— На ўсіх відэа вы знаходзіцеся наперадзе калоны. Гэта была ваша асабістая ініцыятыва-знаходзіцца наперадзе? Ці так выпадкова атрымалася? — пацікавіўся суддзя.

— Гэта была мая ініцыятыва. Па-першае, нязручна ісці за кімсьці — «падразаюцца« ногі. А па-другое, я папрасілася наперад, каб абараніць сабой хоць пару хлопцаў на маршы, каб на іх не нападалі з дубінкамі. Хочацца верыць, што, убачыўшы чалавека ў калясцы, міліцыя не будзе так страшна нападаць і выкарыстоўваць газ.

Суддзя ўгледзеў у дзеяннях Валянціны Крыштапенкі парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 КаАП:

— Удзел у дадзеных несанкцыянаваных мерапрыемствах вы прымалі свядома, разумелі, што вакол адбываецца, паводзілі сябе досыць актыўна. Суд лічыць неабходным накласці спагнанне ў рамках санкцыі артыкула, набліжаных да мінімальнага параметру, — 7 базавых велічынь або 189 рублёў.

 

Міхаіл Зубеня. Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Міхаіл Зубеня. Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Раней Валянціна Крыштапенка распавядала TUT.BY пра тое, што з 11 гадоў пакутуе рэўматоідным артрытам, які паражае суставы.

— У мяне — чатыры пратэзы. Я магу і стаяць, і хадзіць. Але ёсць абмежаванні. Хаджу я з асцярожнасцю, не спяшаючыся, стараюся выбіраць добрую, роўную дарогу. Стаяць доўга таксама не магу — сядаю. На дэманстрацыі ў Віцебску я была на вазку: там траўманебяспечна, ці мала хто штурхне. Да таго ж шмат і хутка хадзіць я не магу.

Валянціна распавяла, што ёй не было страшна:

— Мне зрабілі 4 аперацыі, таму я ўжо мала чаго баюся ў сваім жыцці. А вось тое, што адбываецца ў нашай краіне, — сапраўды страшна. Таму я і выйшла на мірны пратэст. Калі не могуць выйсці дужыя мужыкі, значыць, выходзяць жанчыны. Калі не выходзяць дэсантнікі, значыць, пайду я — інвалід. На маршы я спецыяльна напрасілася наперад — каб міліцыя не хапала першую счэпку. Можна сказаць, я выйшла, каб іх абараніць.

Паводле tut.by