Месца стартап-хаба Imaguru ў Мінску заняла прыватная школа

На месцы стартап-хаба Imaguru на Фабрыцыуса, 4 у Мінску размясцілася прыватная школа. Памяшканні, якія належаць дзяржхолдынгу «Гарызонт», цяпер арандуе «Гімназія «Інавацыя», распавядае «Еўрарадыё».

photo_2022_01_03_16_06_16.jpg

Дырэктар і сузаснавальніца «Інавацыі» — Алена Мішчанка, кіраўніца Асацыяцыі прыватных устаноў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Маці Алены — Людміла Мішчанка — доўгі час была дырэктарам Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, а ў 2001 годзе была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Алена неаднаразова была заўважаная ў кампаніі Лукашэнкі і чыноўнікаў «найвышэйшага кола» на розных нарадах.

Акрамя таго, дырэктар «Інавацыі» раздае інтэрв'ю дзяржаўнай прэсе, а дзяржТБ робіць рэпартажы пра яе школу. А аднойчы Алена з сабакам трапіла на інтэрв'ю да дрэсіроўшчыка Эдгарда Запашнага.

Школа Алены Мішчанка існуе пяць з невялікім гадоў. Яна прадстаўлена як «гімназія з двухмоўнай сістэмай навучання на англійскай і рускай мовах». Аддзяленні прыватнай школы ёсць у Мінску і Магілёве. У 2021 годзе 12 месяцаў навучання ў «Інавацыі» абышліся б прыкладна ў 5750-6325 долараў.

Па словах сузаснавальніцы Imaguru Таццяны Марыніч, у красавіку 2021 года холдынг «Гарызонт» без тлумачэння прычын скасаваў дамову арэнды з хабам у аднабаковым парадку, а пазней кампанія была вымушаная рэлакавацца. Сама Таццяна звязвае гэтыя падзеі з палітычным ціскам і парадкам дня беларускіх уладаў, накіраваным супраць «непажаданых».

За час існавання Imaguru дапамог больш чым тромстам стартапам, сярод якіх ацэненая ў мільярд долараў IT-кампанія Pandadoc і праграма MSQRD, набытая пазней кампаніяй Facebook.