Мікалай Дзядок vs СБ. Беларусь сёння: суд адмовіў анархісту

1 верасня ў 10.00 у судзе Савецкага раёна г. Мінска працягнуўся разгляд справы па пазове былога палітвязня Мікалая Дзядка да рэдакцыі інтэрнэт-выдання «СБ. Беларусь Сёння» аб абароне гонару і годнасці.

Мікалай Дзядок ў залі суда

Мікалай Дзядок ў залі суда


Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Жданок. На папярэднім паседжанні выступілі пазоўнік і адказчыкі – аўтар артыкулу Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага адзела газеты Аляксей Шпілеўскі.
Сёння ж у працэсе адказчыкі прадставілі свой водгук, а таксама суд апытаў сведак.
У выніку суддзя вырашыў адмовіць анархісту ў задавальненні яго пазову.
Нагадаем, 29 траўня ў артыкуле “Анархія, маць…”, які на інтэрнэт-сайце газеты “СБ. Беларусь сёння” за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, была размешчана непраўдзівая інфармацыя пра тое, што Мікалай Дзядок атрымаў свой турэмны тэрмін за атаку «кактэйлямі Молатава» расейскай амбасады ў Мінску. Былы палітвязень палічыў, што неадпавядаючыя рэчаісцасці звесткі прыніжаюць яго гонар і годнасць, і звярнуўся ў суд з патрабаваннем іх абароны і кампенсацыі маральнай шкоды.
Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска 27 траўня 2011 года да 4,5 гадоў зняволення па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (“хуліганства, здзейсненная групай асобаў”). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
spring96.org