Мікалай Аўтуховіч: "Я і не ведаў, што стаю на прафілактычным уліку"

Мікалай Аўтуховіч распавёў, што нечакана 30 сакавіка атрымаў павестку з аддзела правапарадку.  



autuchovich.jpg

Мікалай Аўтуховіч. Фота: svaboda.org

"Выклікалі нават мінуючы майго ўчастковага. Я таму патэлефанаваў, той толькі рукамі развёў — маўляў, не ведаю, чаму так атрымалася. Таму ў мяне з’явіліся падазрэнні, што, магчыма, гэта звязана з тым, каб я не паехаў 31 сакавіка ў Гродна ў суд над прадпрымальнікам Сяргеем Ламекам”, — распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

У міліцыі Мікалаю Аўтуховічу сказалі, што ён стаіць на прафілактычным уліку.

“Пра гэта я нават і не здагадваўся, — кажа ён. — Адным словам, пагутарылі са мной, папярэдзілі, каб не парушаў закон. “Я ведаю закон і ведаю правы па Канстытуцыі”, — сказаў у адказ. Увогуле, прафілактычны нагляд — гэта назіранне за “ненадзейным” чалавекам, які можа парушыць закон. Выклікаюць на камісію, папярэджваюць. Але што тут папярэджваць? Я ж не хаваюся — жыву, працую”.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік з Ваўкавыска, ветэран афганскай вайны і грамадскі актывіст. У красавіку 2014 года выйшаў на волю пасля больш чым пяці гадоў зняволення па абвінавачанні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў — у яго было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Пасля вызвалення над Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд, але затым яго знялі.

У турме Аўтуховіч адбываў пакаранне двойчы. Першы раз ён быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі.

У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

palitviazni.info