Мікола Папека вярнуўся дадому пасля трох сутак у ізалятары

Раніцай 3 снежня пасля трох сутак у ізалятары выйшаў на волю пружанскі паэт і пчаляр Мікола Папека, паведаміў Першы рэгіён.

photo_2020_12_03_16_24_29.jpg


Тэлефона ў яго пры сабе не было і таму адразу па выхадзе з ізалятара Ленінскага РАУС Брэста, накіраваўся да сваякоў. Тыя набылі яму квіток на цягнік да Аранчыцаў.
На допыце ў ізалятары Мікола Папека не сведчыў супраць сабе, на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і патрабаваў каб дакументы следчых былі аформлены па-беларуску: 
«Я ўсё ж гэтага дабіўся. Больш за тое, я ўбачыў там перакладчыка перад сабой з дзяржаўнага ўніверсітэта. Наколькі ён мае права быць перакладчыкам, я не ведаю, але бясспрэчна ён павінен мець ліцэнзію. Аказалася што знайсці перакладчыка ў Брэсце вялікая складанасць», – паведаміў пасля вызвалення сам Мікалай Папека.
Беларускі паэт, тэхнік-пчаляр з вёскі Лінова Мікола Папека быў затрыманы 30 лістапада раніцай у сябе дома. Пазней, ён паведаміў сваякам пра тое што яго вязуць у Брэст. Знайшоўся паэт у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС горада і ўтрымлівалі яго там у межах «вадамётнай» справы.
***
13 верасня ў Брэсце адбывалася шэсце ў знак пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Тады, калона дэманстрантаў спынілася на перакрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў.
Рух транспарта ў тым раёне запаволіўся і сілавікі вырашылі задзейнічаць вадамёт для разгону пратэстуючых.
Пазней, была заведзена крымінальная справа па гэтым эпізодзе (частка 1 артыкула 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх»).
Паводле праваабаронцаў па дадзенай справе ў якасці падазраваных праходзяць дзясяткі чалавек.