Міліцыя вярнула берасцейцу касцюм ліса, бо не знайшла ў справе складу правапарушэння
Два месяцы таму Канстанціна Астапука затрымалі ў Берасці падчас акцыі супраць будоўлі акумулятарнага заводу. Міліцыя забрала ў яго касцюм ліса, і толькі цяпер строй вярнулі, пиша belsat.eu.

— У міліцыі мне сказалі, што я нічога не парушаў, і таму вярнулі касцюм ліса. Але я збіраюся судзіцца з міліцыяй, якая мяне незаконна затрымала і содні беспадстаўна пратрымала ў ІЧУ. Касцюм ліса я вярнуў гаспадарам, але думаю, што лялечны ліс абавязкова прыйдзе карміць галубоў зноў. Чакайце! — заявіў Канстацін Астапук Belsat.eu.

Нагадаем, 11 лістапада Кастанцін Астапук прыйшоў на плошчу Леніна ў Берасці на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў роставай ляльцы ліса. Пасля акцыі ён быў затрыманы АМАП і больш за содні правёў у берасцейскім ізалятары часовага ўтрымання. На наступны дзень Астапука адпусцілі, а лялечны строй аддалі толькі праз два месяцы, калі выйшлі тэрміны для вядзення адміністрацыйнай справы.
Канстанцін Астапук двойчы распавядаў пра пагрозы з боку міліцыі ў яго бок. Пасля гэтага супрацоўнікі Ленінскага РАУС больш не чапалі мужчыну.