«Міліцыянт упаў проста да маіх ног». На пенсіянерку, якая апынулася побач пры затрыманні Ціханоўскага, завялі справу за хуліганства
На 63-гадовую гарадзенку Станіславу Дамшэль завялі справу за дробнае хуліганства. Па ейных словах, да яе ног 29 траўня ўпаў той самы міліцыянт Уладзімер Казлоўскі падчас штурханіны на пікеце Ціханоўскай. Пра гэта піша Радыё Свабода.
Як расказала Станіслава Дамшэль, 8 чэрвеня да яе дадому двойчы прыходзілі міліцыянты. Адзін раз быў міліцыянт у форме, другі раз – двое ў цывільным. Жанчына цяпер на добраахвотнай самаізаляцыі праз каронавірус, таму дзвярэй нікому не адчыніла. Урэшце яны пагаварылі праз балкон.
Як расказала пенсіянерка, міліцыянты паведамілі, што на яе заведзеная адміністратыўная справа па ч. 1 арт. 17 КаАП.
«Я нікога не забівала, ня біла, нічога», – абураецца жанчына.
29 траўня яна хадзіла на пікет на Савецкай плошчы, каб пакінуць подпіс за Святлану Ціханоўскую.
«Я нечакана стала сведкай сітуацыі, калі бедненькі, маленькі міліцыянт упаў проста да маіх ног. Без стогну, без адзінага ўздыху...» – узгадвае жанчына.
Па ейных словах, другі міліцыянт у форме «нёсся проста на яе і штурхнуў яе з усіх сіл», парваў ёй торбу. Жанчына кажа, што магла ўпасці, калі б яе не падтрымалі людзі са спіны. Яна здзіўляецца, чаму міліцыянт не дапамог свайму калегу падняцца з зямлі.
«Цікава даведацца ў міліцыі, каго я прыбіла: міліцыянта, які застаўся валяцца на асфальце, ці таго, які збягаў ад свайго ляжачага прыяцеля... Вы ведаеце такіх бабуляў, якія ўсё жыццё нармальна жылі і ў 63 гады сталі хуліганкамі?» – разважае Станіслава.
У апошнія гады яна працавала прадпрымальніцай. Перажывае цяпер, што стала хуліганкай на пенсіі, прыйшоўшы на мірны пікет. Вінаватай сябе ня лічыць.
У прэс-службе УУС журналісту БелаПАН ня сталі праз тэлефон адказваць на пытанне журналіста пра дэталі справы супраць Станіславы Дамшэль.