Мінюст вынес папярэджанне БСДП за публікацыю прац Цэслера у партыйным часопісе

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) атрымала афіцыйнае папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня партыі Ігар Барысаў.

2021_06_08151251_fkcz9.jpg

Як сказана ў дакуменце ведамства, падставай паслужылі размешчаныя ў партыйным часопісе «Пазіцыя» «абразлівыя выявы дзяржаўнага сцяга і дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб яўнай непавазе БСДП да дзяржаўных сімвалаў, а таксама прапагандуюць нэгатыўнае стаўленне да іх, што з'яўляецца парушэннем патрабаванняў закона "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь"».

Да 11 чэрвеня кіраўніцтву БСДП (Грамада) неабходна прыняць «комплекс захадаў» дзеля ліквідацыі вышэйзгаданых парушэнняў заканадаўства і свайго статута, пра што трэба праінфармаваць Міністэрства юстыцыі.

Як удакладніў старшыня партыі Ігар Барысаў, прычынай разбіральніцтва сталі працы вядомага беларускага дызайнера Уладзіміра Цэслера, змешчаныя ў апошнім нумары часопіса «Пазіцыя» на сайце БСДП (Грамада).