Мінадукацыі «ў шоку» ад відэа пра «загон у БРСМ» у мінскай школе

Чакаецца афіцыйны каментар намесніцы міністра адукацыі па ідэалагічнай працы Раісы Сідарэнкі, перадае Радыё Свабода.

 euroradio.fm

 euroradio.fm

Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая ў каментары Радыё Свабода сказала, што ў ведамстве ў шоку ад апублікаванага ў інтэрнэце запісу.
«Ніхто нікога нікуды не заганяе, мы ў шоку, што настаўніца выкарыстоўвае такія метады. Уступленне ў грамадскія арганізацыі — справа добраахвотная, дзеці павінны самі вызначыцца. Ніхто нікуды нікога не заганяе, БРСМ павінен сваімі справамі, сваімі ўчынкамі рабіць такое, каб дзеці туды імкнуліся, — гаворыць Людміла Высоцкая. — Я сама ў шоку, хіба можна настаўніцы такое гаварыць! Дзеці зараз настолькі «прасунутыя» — з гаджэтамі, што патрэбна кожнае слова сваё кантраляваць, фільтраваць. Ты працуеш цяпер з такой аўдыторыяй! Я не магу зразумець, чым выкліканы такі энтузіязм гэтай намесніцы дырэктара па выхаваўчай працы».
Людміла Высоцкая зазначыла, што гэта яе ўласная пазіцыя, а крыху пазней будзе апублікаваны афіцыйны каментар намесніцы міністра адукацыі па ідэалагічнай працы Раісы Сідарэнкі.
Іна Студзінская, Радыё Свабода