Мінаховы здароўя: Беларусы дарэмна баяцца кітайцаў

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік  выказаўся наконт праяваў панікі сярод беларусаў і ксенафобіі да кітайцаў з-за сітуацыі з каронавірусам.

pje8kmbv7dhndvmyuy_jwq_article.jpg

«Я б пазбегаў слова «расізм» і назваў гэта элементамі ксенафобіі», — сказаў міністр у размове з журналістамі. І дадаў, што «мы праціўнікі любой ксенафобіі».
«Трэба разумець, што ў нас дастаткова шмат кітайскіх грамадзянаў навучаецца — каля 5 тысяч грамадзянаў, і працуе. І абсалютная большасць з іх на час кітайскага Новага года за межы Беларусі не выязджала», — цытуе Караніка агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
Акрамя таго, Каранік адзначыў, што змагацца з панікай трэба інфармаваннем: «Трэба распавядаць людзям, даводзіць інфармацыю. Мы не спрабуем нічога схаваць. Мы максімальна адкрытыя, таму што адсутнасць інфармацыі спараджае розныя чуткі і панічныя настроі».