Мінчанку аштрафавалі за ўдзел у мітынгу, у якім яна заклікала не ўдзельнічаць
Галіна Лагацкая 20 снежня мінулага года прыйшла на акцыю супраць інтэграцыі з Расіяй, каб заклікаць удзельнікаў не наведваць такія малаколькасныя сходы. А потым даведалася, што ёй завочна прысудзілі 30 базавых велічынь штрафу за… удзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Галіна Лагацкая
— Рней мяне ўвесь час апавяшчалі — тэлефанавалі, дасылалі смс. А тут упершыню я не ведала, што на мяне склалі пратакол! — абураецца жанчына.
Па яе словах, яна вырашыла не ўдзельнічаць у мітынгах з малой колькасцю людзей, бо яны «нічога не даюць». І 20 снежня пайшла на плошчу, каб сказаць пра гэта людзям, якія сабраліся, і міліцыі. Зрабіўшы тое, што збіралася, Галіна папярэдзіла міліцыю, што не ўдзельнічае ў сходзе, і нават зняла гэта на відэа, і сыйшла. Больш за тое, напярэдадні яна пазваніла знаёмай і сказала ёй па тэлефоне, шт больш не будзе ўдзельнічць у акцыях (відэа і запіс размовы Галіна Лагцкая праставіла рэдакцыі НЧ).
— Я магла б даказаць гэта ў судзе, але мяне не выклікалі ў суд, — рэзюмуе жанчына.
Пра тое, што яе судзілі, Галіна Лагацкая даведалася ад актывіста Леаніда Кулакова. А потым прачытала ў інтэрнэце, што ёй прысудзілі 810 рублёў штрафу.
Жанчына схадзіла на прыём да старшыні Першамайскага суда Мінска, ёй паабяцалі разабрацца, але ў выніку далі адпіску. У прыёмнай Галіна задала пытанне, чаму яе не апавясцілі належным чынам і, не дачакаўшыся, правялі пасяджэнне. На што ёй адказалі: «Вы ж усё роўна не ходзіце».
Галіна перакананая, што Мінгарсуд адменіць рашэнне Першамайскага суда, але для таго, каб падаць скаргу, ёй неабходна заплаціць 54 рублі дзяржпошліны. Паколькі жанчына часова беспрацоўная, яна не можа выдаткаваць гэтыя грошы. Больш за тое, раней яе на 50 працэнтаў, а то і цалкам вызвалялі ад выплаты пошліны пры падачы скаргі, паколькі яна не мае крыніц дахода. Але гэтым разам суддзя Мінгарсуда, разгледзеўшы просьбу Галіны Лагацкай і вывучыўшы даведкі аб беспрацоўі і стане здароўя, адмовіў.
Адказ з Мінгарсуда з адмовай вызваліць Галіну Лагацкую ад сплаты дзяржпошліны на падачу скаргі
— Праз памылку я не змагла даказаць сваю невінаватасць у судзе, а цяпер павінна яшчэ заплаціць 50 рублёў, якія па заканадаўстве не вяртаюцца! Я беспрацоўная, мне 60 гадоў, у мяне праблемы са здароўем, — бядуе жанчына.

Даведка аб беспрацоўі Галіны Лагацкай
Цяпер яна мае намер звярнуцца ў адміністрацыю раёна, якая таксама можа вызваліць ад аплаты дзяржпошліны, і, магчыма, трапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суда.
У 1990-х Галіна засталася адна з двума дзецьмі, каб выжыць, часам працавала без дакументаў. Потым спрабавала ўладкавацца на дзяржаўную працу, але па ўзросце і стане здароўя — у жанчыны астма — яе амаль нікуды не бралі. Цяпер Галіна мае спадзеў атрымаць пасаду старшыні кааператыву ў доме, дзе жыве. Ужо чатыры гады яна дамагаецца правядзення справядлівых выбараў, але і на гэтым фронце амаль не вылазіць з судовых працэсаў.
— На мне вісяць шалёныя штрафы, у мяне забралі ўсю маёмасць. Мне помсціць адзін чалавек за тое, што я не дазваляла карыстацца калясачнымі. Ён бясплатна імі карыстаўся, а я вярнула іх народу, сталі здаваць у арэнду і ўдалося зрабіць у пад’ездах рамонт, — тлумачыць Галіна.
Пакуль Галіну Лагацкую матэрыяльна падтрымліваюць дзеці і 94-гадовы бацька — ветэран вайны. А «дзяржава для народа», здаецца, наадварот, гатовая забраць апошнюю капейчыну.