Мінчука асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за абразу Балабы

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 4 траўня асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» тэхніка Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Андрэя Цемяноўскага па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Пацярпелы Балаба ацаніў маральную шкоду ў 1000 рублёў, распавядае «Вясна».

47dc3b683702728d5e03c6e0c2c2171b.jpg

Таксама суд вынес прыватнае ўказанне кіраўніцтву Інстытуту мяса-малочнай прамысловасці Мінска, дзе працуе абвінавачаны, у якім, паводле меркавання суда, «недастатковая прафілактычная і тлумачальная праца ў калектыве аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў». Справу разглядаў суддзя Сяргей Кацар, дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Яўген Сілякоў.

Андрэя Цемяноўскага прызналі вінаватым у тым, што ён 11 і 12 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пакідаў каментар абразлівага зместу ў адрас камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Сам каментар у судзе агучаны не быў.

«Каментар пакінуты абвінавачаным у нецэнзурнай форме, у якім маецца негатыўная ацэнка шэрагу прадстаўнікоў улады. Пакінуты каментар непасрэдна звязаны з выкананнем пацярпелым [Дзмітрыем Балабам] службовых абавязкаў быў пакінуты ў адкрытым доступе. Дадзенае злачынства падрывае прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве, якая ажыццяўляецца міліцыяй», — сказаў у судовых спрэчках дзяржабвінаваўца Сілякоў.

На судзе абвінавачаны Цемяноўскі віну цалкам прызнаў.

Віна Цемяноўскага па арт. 369 КК пацвярджаецца скрыншотамі, паказаннямі абвінавачанага, пратаколам агляду тэлефона «Sony», які, дарэчы, канфіскавалі паводле прысуду суду як сродак здзяйснення злачынства на карысць дзяржавы.

Абцяжарваючай акалічнасцю быў прызнаны матыў здзяйснення злачынства «з палітычнай і ідэалагічнай варожасці».

У выніку суддзя Сяргей Кацэр асудзіў Андрэя Цемянеўскага на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову — «хатняй хіміі». Таксама ў поўнай меры задаволілі заяўлены пазоў Балабы аб кампенсацыі маральнай шкоды памерам у 1000 рублёў. Камандзір АМАПа папрасіў пералічыць названыя грашовыя сродкі на рахунак Дома дзіцяці №1 для дзяцей з арганічнай паразай цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі.

Акрамя таго, суд вынес прыватнае ўказанне кіраўніцтву Інстытута мяса-малочнай прамысловасці.

«Суд лічыць неабходным указаць кіраўніцтву Інстытута на недастатковую прафілактычную і тлумачальную працу ў калектыве з боку кіраўніка аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў. Прапануем азнаёміць іх з гэтай пастановай суда на агульным сходзе работнікаў з мэтай іх прававога і маральнага выхавання», — гаворыцца ў прыватным вызначэнні.

Кіраўніцтву Інстытута мяса-малочнай прамысловасці далі месяц, каб тыя прадпрынялі меры па ліквідацыі адзначаных недахопаў у працы і паведамілі гэта Маскоўскаму суду.