Мінгарвыканкам не дазволіў будаваць на месцы «Белэкспа» гмахі ў арабскім стылі

Канцэпцый забудовы тэрыторыі «Белэкспа» было некалькі, але горад не ўхваліў ні гмахаў, ні арабскай стылістыкі.

Стары будынак "Белэкспа"

Стары будынак "Белэкспа"

Пра гэта распавёў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел Лучыновіч, піша TUT.BY.

Праектаваннем комплексу на месцы знесенага «Белэкспа» і 2-й бальніцы займалася архітэктурнае бюро «Варабʼёў і партнёры». Паводле слоў Лучыновіча, праца праводзілася на працягу апошніх 1,5 гадоў. Было распрацавана некалькі варыянтаў будучага комплексу. Ад канцэпцыі, звязанай з будаўніцтвам гмахаў, горад адмовіўся.

«Мы трошкі змяшчаем асноўны абʼект — гасцініцу, адна з умоў — яна не павінна дамінаваць над Верхнім горадам і над верхняй кропкай опернага тэатра. Мы захоўваем гістарычныя будынкі, будзе праводзіцца рэстаўрацыя з прыстасаваннем», — адзначыў ён.

Адмовіў горад і канцэпцыі з арабскімі матывамі — зноў жа таму, што побач — культавыя абʼекты.

Дзе дакладна пабудуюць новае «Белэкспа», горад яшчэ не вызначыўся, але гэта будзе за рысай гораду, ля кальцавой дарогі. Не вызначана пакуль і сама канцэпцыя галоўнага выставачнага цэнтра краіны.

Нагадаем, у 2021 годзе на месцы «Белэкспа» і былой 2-й бальніцы павінен зʼявіцца шматфункцыянальны комплекс, які складаецца з гатэля гандлёвых абʼектаў, казіно, спа-комплексу з басейнам і г.д.

belsat.eu