Моладзь БНФ: падпішыся за помнік Ларысе Геніюш

Анлайн-петыцыю за ўсталяванне помніка Ларысе Геніюш у цэнтры Зэльвы запусціла Моладзь БНФ на сайце petitions.by.

754.jpeg

Толькі разам мы можам дамагчыся сваёй мэты і паказаць, што Ларыса Геніюш не забытая сваім народам і  вартая годнага ўшанавання як мінімум на сваёй малой радзіме, адзначаюць аўтары петыцыі.

Моладзь БНФ атрымала адказ на свой зварот аб перайменаванні адной з існуючых вуліц і назве бібліятэкі ў гарадскім пасёлку Зэльва ў гонар паэткі Ларысы Геніюш. Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт упэўнены, што дадзены крок цалкам немэтазгодны, бо, на іх погляд, гэта можа пацягнуць за сабой некаторыя нязручнасці як для жыхароў вуліцы, якім прыйдзецца прайсці рэгістрацыю ў групе па грамадзянству і міграцыі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў раёна, а таксама перааформіць шэраг дакументаў, так і для ЖКГ і Белпошты.

admvul.jpg



Моладзь БНФ ужо атрымоўвала падобны адказ на такі ж зварот у мінулым годзе, аднак у гэты раз гарадскія ўлады ўсё ж пайшлі на некаторыя саступкі і згадзіліся на разгляд дадзенай прапановы “пры неабходнасці найменавання новай вуліцы”.

Безумоўна, мы разумеем, што перайменаванне вуліцы можа выклікаць пэўныя цяжкасці для жыхароў, уключаючы некаторую папяровую валакіту. Акрамя таго, гэты працэс патрабуе пэўных фінансавых выдаткаў. Аднак мы ўпэўнены, што ўшанаваць памяць Ларысы Антонаўны на яе малой радзіме неабходна, і прапануем усталяваць помнік выдатнай паэткі ў цэнтры Зэльвы. Гэта альтэрнатыўны варыянт, які не пацягне за сабой шмат выдаткаў для мясцовых улад, але пры гэтым стане добрым паказчыкам павагі да асобы выбітнай беларускі, а таксама іх стаўлення да волі мясцовых жыхароў, якія цалкам падтрымліваюць ідэю ўшанавання асобы Геніюш і ганарацца сваёй таленавітай зямлячкай. Таму з сённяшняга дня мы запускаем інтэрнэт-петыцыю за ўсталяванне помніка ў Зэльве”, — паведамляюць актывісты Моладзі БНФ.

Кожны, хто жадае падпісацца ў падтрымку ініцыятывы, можа зрабіць гэта па спасылцы: https://petitions.by/petitions/1050?justcreated

 Паводле прэс-службы Моладзі БНФ