Моладзь пагражае рэжыму

На актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Юлію Сцяпанаву ў ноч на 14 студзеня напалі невядомыя і абрэзалі ёй валасы. Выглядае на тое, што метады пакарання, ужытыя раней супраць дзяўчат з украінскай арганізацыі «FEMEN», вырашылі апрабаваць дзеля запалохвання актывістак беларускага апазіцыйнага руху.



cd0e703ce4d4bb29eede322b5d8f921b_w500_h333_q95.jpg

Юлія Сцяпанава распавяла, што каля гадзіны ночы ішла ад аўтобуснага прыпынку да свайго дома ў адным з мікрараёнаў Мінска. Каля пад’езда на яе напалі двое мужчын, кінулі тварам у снег ды абрэзалі валасы. Нападнікі лаяліся, патрабавалі спыніць дапамогу палітрэпрэсаваным. Асабліва Юліі запомнілася фраза невядомых: «Ну што, с.ка, сабрала ласіны?». Юлія патлумачыла, што актыўна займалася зборам дапамогі для палітвязняў і іх сямей. Да гэтага была пільная ўвага з боку спецслужбаў, а нядаўна дзяўчына жартам у сацыяльных сетках прапанавала сабраць дапамогу і міліцыянтам — зялёныя ласіны з арнаментам.

Ці можна расцэньваць напад на актывістку як персанальную помсту? Юлія не выключае такога варыянту: «Яны ж мне прамым тэкстам толькі пра гэтыя ласіны і сказалі». Наўрад ці падобныя загады расправы могуць праходзіць праз дакументы, тады атрымліваецца, што спецслужбісты абсалютна свабодныя ў сваіх дзеяннях.

Калі ж да гісторыі сілавікі дачынення не маюць, то справа гонару як мага хутчэй знайсці пакараць вінаватых. Цікава, што Юліі Сцяпанавай з РАУСа патэлефанавалі міліцыянты ды паведамілі, што справа аб нападзе заведзеная. Хаця дзяўчына заявы на той момант не пісала.

Напрыканцы 2011 года падобная гісторыя здарылася з актывісткамі ўкраінскай арганізацыі «FEMEN». Дзяўчаты зладзілі кароткі пікет наўпрост на прыступках цэнтральнага будынка КДБ у Мінску. А неўзабаве актывісткі «FEMEN» распавялі, што невядомыя людзі іх выкралі, завезлі ў лес, абстрыглі валасы, аблілі зялёнкаю, здзекаваліся, а потым пакінулі дзяўчат у лесе. Гісторыя актыўна абмяркоўвалася, некаторыя выказвалі недавер да версіі дзяўчат.

«Шчыра кажучы, я б не вельмі звязвала тое, што адбылося са мной і з актывісткамі «FEMEN» — усё ж абставіны розныя. Але тады я верыла гэтым дзяўчатам, бо ад нашых спецслужбаў можна чакаць чаго заўгодна. Ведаеце, яшчэ летась падчас арышту яны звярталі ўвагу на мае валасы, потым я знайшла ў паштовай скрынцы нейкую брыдкую расчоску. Ці гэта звёны аднаго ланцужка? Не ведаю», — гаворыць Юлія.

Дарэчы, дзяўчыне прад’яўляюць абвінавачванні ў тым, што ніякага нападу не было, а ўсё яна прыдумала ды зрабіла сама, каб мець магчымасць з’ехаць за мяжу як палітуцякач.

«Мне гэта смешна чуць, бо калі захачу з’ехаць, то ні ў каго пытацца не буду. Мне не трэба нічога такога рабіць, каб з’ехаць, тым больш псаваць сабе знешнасць. Больш таго, калі пачаліся нейкія пагрозы на мой адрас, я нічога не афішавала, хаця ад маіх знаёмых ужо даўно былі прапановы з’ехаць з краіны», — падкрэслівае актывістка «Еўрапейскай Беларусі».

На днях яшчэ аднаго актывіста з гэтай структуры — Уладзіміра Лемеша —суддзя першамайскага суда Мінска Юры Гарбатоўскі пакараў штрафам у памеры 3 мільёны рублёў. Актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Лемеша затрымалі ў Мінску на станцыі метро.

Праваабаронца Наста Лойка распавяла Радыё «Свабода», што Уладзімір Лемеш быў адным з арганізатараў выставы, прысвечанай палітвязням. На думку Насты, затрыманне і штраф могуць быць звязаныя з гэтай выставай.

Але Юлія Сцяпанава з такой версіяй не згодная. Яна гаворыць, што даўно ўдзельнічала ў праектах, скіраваных на падтрымку палітвязняў. І таму ні штраф Лемешу, ні напад на яе нічога не вырашаюць.

Юлія адзначае, што цяпер спецслужбы найбольш пільна звяртаюць увагу на дзейнасць такіх моладзевых арганізацый, як «Малады Фронт» і «Еўрапейская Беларусь», бо бачаць у іх пагрозу для існуючага палітычнага рэжыму.