Мужчыны ў Беларусі жывуць «ненатуральна менш» за жанчын
Беларускія джэнтльмены дарэмна спрабуюць дагнаць па працягласці жыцця дам. Пакуль у іх не вельмі добра атрымліваецца.
Партал www.interfax.by разглядае праблему скрозь прызму лічбаў і меркаванняў.
Краіна ўдоваў
Белстат бесстаронне фіксуе наступную тэндэнцыю: з 2000 года ў нашай краіне чаканая працягласць жыцця ў жанчын ўзрасла на 2,9 года, у мужчын — на 3,2 года.
Праўда, галоўны індыкатар ўзроўню жыцця насельніцтва — чаканая
працягласць жыцця пры нараджэнні — пакуль не на карысць моцнага
полу. У 2012- м яна склала 77,6 у жанчын і 66,6 года ў мужчын. Розніца ў 11 гадоў лічыцца значнай. Паводле ацэнкі ПРААН, «натуральнай» розніцай прынята лічыць 5 гадоў.
У Белстаце тлумачаць «нездаровую» розніцу ў працягласці жыцця жанчын і мужчын высокай заўчаснай смяротнасцю беларускіх джэнтльменаў. Прычым у гарадской мясцовасці гэтая розніца
складае 10,5 года, а ў сельскай - 12,6 года. У 2012 годзе чаканая працягласць жыцця гарадскіх мужчын склала 68 гадоў, жанчын — 78,5 года. Сярод сельскіх жыхароў — адпаведна 62,7 года і 75,3. А што зробіш — адбіваюцца адсутнасць аператыўнай медыцынскай дапамогі і дрэнная якасць самаробнага
або пакупнога алкаголю.
Краіна пенсіянераў
Сцвярджаць, што рост беларускай нараджальнасці ў апошні час дапаможа кардынальна выправіць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне — значыць зграшыць супраць ісціны.
— Насельніцтва краіны старэе, — кажа намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны РБ Аляксандр
Румак. — У Беларусі, як, зрэшты, і ў шэрагу іншых краін, намецілася
ўстойлівая тэндэнцыя росту долі пажылых людзей у агульнай колькасці насельніцтва. Працэс старэння выяўляецца ў паступовым павелічэнні долі старэйшых узроставых груп.
У чым выяўляецца старэнне нацыі? У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН насельніцтва лічыцца старым, калі доля людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 7 % і больш. Сёння ў Беларусі 1,244 млн
жыхароў старэйшых за 65 гадоў. Гэта 13,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва.
Аналітыкі сур'езна загаварылі аб тым, што сучаснаму пакаленню трыццацігадовых давядзецца сустрэць старасць без пенсій. Пры захаванні тэндэнцыі старэння беларускага насельніцтва праз
трыццаць гадоў пенсійныя фонды проста няма каму будзе папаўняць. Такая ж сітуацыя назіраецца і ў нашых суседзяў — Украіне, Латвіі і іншых.
Мужчынам застаецца толькі радавацца, што яны не дажывуць да таго ўзросту, калі застануцца без сродкаў да існавання. А маладым жанчынам — нараджаць дзяцей і выхоўваць іх так, каб у старасці можна было разлічваць на іх
дапамогу і падтрымку.
interfax.by