“Мы гатовыя да чэмпіянату. У нас сімпатычныя пакаёўкі!”

Адкрытыя да чэмпіянату па хакеі гатэлі гатовыя плаціць нават нявопытным супрацоўнікам ад 4 мільёнаў рублёў.



1_housekeeper.jpg

“Што датычыць падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, то мы амаль цалкам падрыхтаваныя. У тым ліку мы падпісалі дамову са студэнцкім будатрадам. І дзе ў нас былі вузкія месцы — мы іх закрылі з дапамогай студэнтаў”, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара кардынальна абноўленага гатэля “Беларусь” Аляксандр Шычкоў.

Ён удакладняе, што студэнты не будуць складаць аснову абслуговага персаналу гатэлю. Сюды вярнулася значная частка былых супрацоўнікаў, знайшліся і новыя прафесіяналы. Таму студэнтамі будзе каму кіраваць — за прыём чаканых гасцей у гатэлі спакойныя.

Усяго да хакейнага чэмпіянату ў Мінску пабудавалі з дзясятак новых гатэляў. Як вынік — процьма прапановаў працы ад іх. Нават у метро бачу рэкламу разрэкламаванага гатэля “Рэнесанс”. Кажуць — самы шыкоўны ў Мінску. Аднак пакуль яму яшчэ бракуе афіцыянтаў (з веданнем англійскай мовы, ад 4 млн), швейцараў (з мінімальным веданнем англійскай, ад 4 млн), сцюардаў (праца на кухні, заробак невядомы) і спецыялістаў па манікюры-педыкюры (без англійскай, з санкніжкай). Пакаёўкам абяцаюць заробак ад 4,5 млн, але папярэджваюць, што “праца вельмі складаная”.

У гатэлі “Славянскі”, таксама збудаваным да чэмпіянату, вольных месцаў ужо амаль няма. Але для мілавідных дзяўчат з веданнем замежных моваў заўсёды нешта знойдзецца, гавораць мне ў аддзеле кадраў.

“Калі ў вас ёсць прыгожыя, маладыя і з веданнем замежнай мовы дзяўчаты на радыё, то мы іх возьмем. Пакаёўкамі. Ужо амаль усіх набралі, засталося 2-3 адзінкі пакаёвак”.

Тут мяне пераконваюць, што да чэмпіянату гатовыя поўнасцю. А на пытанне аб кваліфікацыі персанала запэўніваюць — усе дзяўчаты сімпатычныя і прыгожыя.

“Высокакваліфікаваныя ў нас спецыялісты. Служба адміністратараў — гэта ўвогуле… Яны ведаюць па 2-3 мовы. Усе сімпатычныя і прыгожыя”.

Адзін з самых вялікіх і шыкоўных новых гатэляў Мінску — гатэль “Пекін”. Яшчэ не адкрыты, але на працу туды ўжо можна ўладкавацца. Кіраўнік аддзела па сувязях з грамадскасцю Віялета Карлюкевіч расказвае, што ў “Пекіне” будзе працаваць каля 300 супрацоўнікаў. 200 ужо набралі, яшчэ каля 100 чакаюць з далёкага Кітая.

“Зараз мы чакаем прыезду нашых кітайскіх калегаў. З Кітая. І да моманту правядзення чэмпіянату свету будзем цалкам падрыхтаваныя да таго, каб адпавядаць усім патрабаванням нашых гасцей”.

Кітайцы ў “Пекіне” будуць працаваць у асноўным масажыстамі і ў спа-салонах. На тое ён і “Пекін”. Што датычыць беларускага персаналу — то ён пераходзіць з іншых гатэляў. Бяруць сюды на працу і непадрыхтаваных людзей. Абяцаюць усяму навучыць.

“Да нас прыходзяць працаваць, вядома, з іншых гатэляў. А таксама прыходзяць людзі без вопыту, з іншых абласцей. Іх працаўладкоўваем на так званыя пазіцыі некваліфікаванага абслуговага персаналу”.

У невялікай суседняй Вільні гатэляў рознага ўзроўню пакуль нашмат больш, чым у Мінску. Holiday Inn — адзін з самых лепшых. Тут гавораць, што ўладкавацца на працу з вуліцы вельмі цяжка нават на самыя некваліфікаваныя пазіцыі.

“Скажу вам, што не… Цяжка без вопыту. Увогуле скажу вам, што нават калі з вопытам чалавек прыйдзе, то яго адразу не паставяць працаваць аднаго”.

Калі ўсё ж пашчасціць атрымаць месца афіцыянта альбо пакаёўкі, то першыя 2-4 тыдні прыйдзецца працаваць ў пары з вопытным калегам. Ужо пасля гэтага кіраўніцтва гатэлю прымае рашэнне — пакінуць новага чалавека ў гатэлі альбо не. Атрымаць больш прэстыжнае месца адміністратара без вопыту працы ў галіне ў Holiday Inn увогуле немагчыма.

Да пачатку чэмпіянату свету ў Мінску застаецца каля трох тыдняў, першыя аматары хакея пачнуць прыязджаць да нас ужо 7-8 траўня. Што будзе з новымі гатэлямі і іх свежымі супрацоўнікамі пасля чэмпіянату, пакажа час.

euroradio.fm