На аднаўленне магілёўскага касцёла сабралі амаль 20 тысяч рублёў
На аднаўленне пацярпелага ад ветру Гістарычнага сабора Успення Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве сабралі ўжо 19 928 рублёў. Пра гэта паведаміў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі, піша Catholic.by.
Біскуп падзякаваў усім за дапамогу і падзяліўся інфармацыяй аб
бягучай сітуацыі і планах далейшых работ па ліквідацыі наступстваў стыхіі.
На гэтым тыдні паставілі часовыя кроквы, каб накрыць будынак
касцёла на зіму, і накрылі разбураную частку даху ДСП і руберойдам.
Наступны этап — гэта рамонт усяго даху плошчай 260 кв. м.
Аднаўленне пашкоджанай часткі павінен аплаціць уласнік будынка касцёла КУП ЖРЭА
Ленінскага раёна Магілёва, а замену другой часткі, якая складае 130 кв. м,
Магілёўская парафія. Па камерцыйнай прапанове Магілёўскага ТАА «Бетонстройреставрация», кошт замены ўсяго даху над уваходам у касцёл
складзе 77 990 руб. На замену другой часткі прыход павінен сабраць 38 545
рублёў.
Біскуп таксама падзякаваў прыходу ў Будславе за
перададзеныя лісты ДСП, а таксама экспертам-альпіністам, якія на працягу тыдня працавалі
на даху.
Паводле reform.by.