«Гэта брудная правакацыя!» На адрасы еўрапейскіх парламентарыяў быў дасланы фэйкавы ліст ад імя «Вясны»

19 лютага нібыта ад імя праваабарончага цэнтра «Вясна» быў дасланы ліст на англійскай мове па 85 электронных адрасах еўрапейскіх парламентарыяў і паслоў еўрапейскіх краін.

fake_1726362_1280__1_.jpg


У ім значылася, што «Вясна» нібыта сур’езна заклапочаная ростам парушэнняў правоў грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў у шэрагу еўрапейскіх краін і нібыта заклікае правесці расследаванне такіх выпадкаў парушэнняў. У дадатку змяшчалася 28 фота, відавочна спампаваных з адкрытых крыніц у інтэрнэце.
Ліст быў дасланы з адраса viasna.spring97@gmail.com, які ніколі не належаў і не мае дачынення да «Вясны».
«Афіцыйна заяўляем, што ніякіх лістоў з указанай скрыні мы не дасылалі, ніякіх заклікаў да еўрапейскіх краін не распаўсюджвалі. Расцэньваем такі ліст ад імя ПЦ “Вясна” як брудную правакацыю з боку беларускіх спецслужб», — пракаментаваў сітуацыю Алесь Бяляцкі.
spring96.org