На плошчы Пераменаў: канцэрт Вайцюшкевіча і меламаны ў масках (фота, відэа, дапоўнена)
Сёння на плошчы Пераменаў у двары на вул. Чарвякова ў Мінску з канцэртам для мясцовых жыхароў выступіў Зміцер Вайцюшкевіч. Не абыйшлося без няпрошаных гасцей.

Яны заявіліся напрыканцы канцэрта, калі людзі спявалі апошнюю песню "Купалінка". Ля двара на дарозе прыпаркаваліся сем бусаў без нумароў, адзін аўтобус, міліцэйская машын, аўтазак і легкавушка. Сілавікі ў масках атачылі пляцоўку.

Людзі пачалі купкамі разыходзіцца. Мясцовыя жыхары з вокнаў крычаць "Жыве Беларусь!", "Пайшлі вон!", іх падтрымліваюць людзі з суседніх дамоў.
У выніку машыны сілавікоў пачалі з'язджаць.
Пасля разгону канцэрта сілавікі зноў зафарбавалі мурал з ды-джэямі перамен на трансфарматарнай будцы ў чорную фарбу. Карэспандэнт НЧ не бачыла, каб каго-небудзь затрымалі, але сілавікі не разыходзіліся і ахоўвалі зафарбаваны мурал. Мясцовыя жыхары назіралі за тым, што адбываецца, здалёк.
А вось як праходзіў сам выступ Змітра Вайцюшкевіча да разгону.