На выходных АМАП «зачысціў» барныя вуліцы Мінска, людзі здымаюць пабоі
Пачасціліся выпадкі неабгрунтаванага затрымання і несуразмернага прымянення грубай фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да грамадзянаў. Так у выходныя былі моцна збітыя Аляксандр Ярашэвіч і яго сяброўка.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён распавёў, што ў суботу яны з сяброўкаў прыйшлі у кавярню «ДЭПО», што на вуліцы Зыбіцкай у Мінску. Але ў кавярні не было вольных месцаў, таму маладыя людзі набылі па пляшчы сідару і селі ў 2-3 метрах ад адкрытай тэрасы ў чаканні, калі вызваляцца месцы. Праз некаторы час да іх падыйшлі два супрацоўнікі АМАПу (як пазней высветлілася Уладзімір Селіванаў і Уладзімір Наумовіч), якія папярэдзілі, што нельга піць менавіта ў гэтым месцы і пагразілі затрыманнямі. Аляксандр Ярашэвіч паспрабаваў патлумачыць сітуацыю і запэўніў, што як толькі вызваляцца месцы, яны з сяброўкаў перайдуць у кавярню. Аднак, супрацоўнікі АМАПу чакаць не сталі, а выклікалі спецмашыну і пачалі брутальна затрымліваць маладых людзей.
«На працягу паездкі ў Цэнтральны РУУС да нас прымянялі грубую сілу, укладвалі тварам у падлогу, прыціскалі нагамі і ў выніку адзелі кайданкі. Зараз у нас на целе шмат удараў і гематом», — напісаў пацярпелы ў свім фэйсбуку.
У РУУС Аляксандр Ярашэвіч і яго сяброўка прабылі да раніцы, там таксама быў шэраг працэсуальных парушэнняў. Напрыклад, асабісты агляд дзяўчыны праводзілі тыя ж супрацоўнікі АМАПу, адціснуўшы яе ў кут, дзе відэакамеры не могуць правесці фіксацыю. Пратаколы, якія прапанавалі падпісаць маладым людзям, не ўтрымлівалі ніякай інфармацыі акрамя рапартаў амапаўцаў. У суд маладых людзей паабяцалі выклікаць смс-кай.
«Я ўпэўнены, што ў Берліне, Кіеве і іншых гарадах нам бы ні слова не сказалі на тое, што мы п’ем паблізу кафэ, на вуліцы, дзе ўсе так робяць, але не ў нас. Пры сустрэчы з ментамі ты ў любым выпадку вінаваты», — падкрэсліў Аляксандр.
Цяпер маладыя людзі звярнуліся ў Следчы камітэт Цэнтральнага раёна з заявай на несуразмернае прымянне сілы да іх, а таксама прайшлі медыцынскую экспертызу, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджанні, нанесеныя супрацоўнікамі АМАПу.
Як высветлілася пазней, АМАПу была дадзена каманда «зачысціць» вуліцу Зыбіцкую і цэнтр горада.
Былы журналіст TUT.by Андрэй Каравайка таксама напісаў у фэсбуку, што вечарам 30 ліпеня яго затрымалі каля Ратушы нібыта за тое, што ён п’яны, пратрымалі некалькі гадзінаў у пастарунку, далі штаф, пасля адпусцілі і папярэдзілі не вяртацца ў цэнтр:
«Яшчэ ўчора мінчане радаваліся таму, што ім дазволілі гуляць па цэнтры горада і слухаць музыку на вуліцы Зыбіцкай і тым самым быць свабоднымі еўрапейцамі. А сёння, вы ўжо мяне даруйце, не ведаю, што было пасля мяне, але мяне ні за што на ўваходзе закінулі ў варанок і павезьлі ў РУУС складаць пратакол аб тым, што я занадта п'яны і вольны. Калі праз пару гадзінаў я адтуль выйшаў, прыйшоў на прыпынак, папрасіў цыгарэту ў нейкіх хлопцаў, тыя апынуліся таксама затрыманымі на ўваходзе каля ратушы, хоць па выглядзе цалкам адэкватныя, як і я. а калі мяне адпускалі, сказалі ні ў якім разе не вяртацца ў цэнтр, таму што менавіта на Зыбіцкай сёння будзе рэйд і і чыстка, усіх запар будуць браць. Раскажыце, што там адбываецца? Я дома».
Пра звышувагу з боку супрацоўнікаў міліцыі і выкананне плану напісаў і журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі:
«Адразу некалькі знаёмых расказалі, што ў апошнія дні начавалі ў пастарунках. Прычына — нецвярозы стан ў грамадскіх месцах. Сплацілі штраф ад 0,5 да 3 базавых. «Парни, всё нормально, просто у нас план и конец месяца», — выбачаліся міліцыянеры, калі іх так можна назваць. Харошы бізнэс-план. Прадаваць грамадзянам гарэлку ў кабаках па 5 еўра за пляшку, а потым штрафаваць. Бляск».
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч вельмі абураны склаўшайся сітуацыяй і адзначыў:
«Вуліца Зыбіцкая, Кастрычніцкая і шэраг іншых вуліц створаны для таго, каб мінчукі маглі там адпачываць, бавіць час з сябрамі. У гэтых месцах знаходзяцца бары, а гэта азначае, што там распіваюць спіртныя напоі. І міліцыя павінна сачыць за парадкам, а не чапляцца да людзей, якія стаяць каля бара і п’юць сідар.Гэта «вельмі страшнае правапарушэнне» для нашага горада — піць на вуліцы, дзе бары знаходзяцца праз кожныя пяць метраў. Я думаю, што такога кшталту дзеянні міліцыі не спрыяюць папулярызацыі нашага горада і яго турыстычных месцаў. Я не бачыў такога ні ў адным еўрапейскім горадзе, дзе я бываў.Я думаю, што наша Міністэрства ўнутранных спраў проста хоча, каб мінчукі паменш хадзілі па вуліцам, а сядзелі дома. Гэта было б ідэальна для іх, таму што ў нас вельмі часта горад створаны не для людзей, а для паштоўкі: вельмі чысты горад, пажадана, каб яшчэ і людзей там не было. Увесці каменданскі час, а бары ўсе закрыць – вось мая прапанова».
Паводле spring96.org