На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў распачалі галадоўку
У Бабруйску сябры суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў абвясцілі папераджальную трохдзённую галадоўку.

Старшыня суполкі Міхаіл Кавалькоў, якога не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства, галадае ля прахадной. Трое актывістаў прафсаюзу акцыю пратэсту падтрымліваць на сваіх працоўных месцах.
Актывісты патрабуюць спынення пераследу адміністрацыяй працаўнікоў заводу, якія з'яўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а таксама ліквідавання дыскрымінацыйных пунктаў ў калектыўнай дамове. У патрабаваннях значыцца і пункт пра допуск кіраўніка суполкі на тэрыторыю заводу ды выдзяленне суполцы памяшкання ў будынку заводакіравання. Галадоўнікі прапануюць адміністрацыі распачаць перамовы з суполкай.
Акцыя пратэсту распачалася 25 сакавіка а 9 гадзіне раніцы. Міхаіла Кавалькова міліцыя ўжо папярэдзіла пра недапушчальнасць правядзення галадоўкі, на якую няма дазволу гарвыканкаму. Калі яна не будзе спыненая, яе кваліфікуюць як несанкцыянаванае пікетаванне. Паводле Кавалькова за ім ля прахадной вядзецца назіранне. Акрамя міліцыі прысутнічае і прадстаўнік гарвыканкаму. Сілавых дзеянняў супраць яго пакуль няма.