Трохдзённая папераджальная галадоўка завершана. Галоўны вынік — галоснасць
Чальцы Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў (БЗТДіА) 27 сакавіка завяршылі трохдзённую папераджальную галадоўку.
Нагадаем, 25 сакавіка старшыня пярвічнай арганізацыі СПБ Міхаіл Кавалькоў і яшчэ чатыры работнікі завода аб'явілі трохдзённую папераджальную галадоўку. Прычынай яны называюць невыкананне
адміністрацыяй прадпрыемства дасягнутых 24 студзеня дамоўленасцей з прафсаюзам аб пачатку перамоў па калектыўным дагаворы. На другі дзень да іх далучыліся чатыры чалавекі, а ў апошні
дзень — яшчэ трое.
"Мы дабіліся галоснасці, прыцягнення ўвагі. Думаю, што гэта потым дасць станоўчыя вынікі", — заявіў БелаПАН Міхаіл Кавалькоў пасля заканчэння галадоўкі. Пры гэтым
ён паведаміў, што са здароўем ва ўдзельнікаў акцыі ўсё ў парадку.
Паводле яго слоў, адміністрацыя прадпрыемства знешне ніяк не адрэагавала на галадоўку. "Ідэолаг завода не сустракаўся з галадаючымі, нягледзячы на тое, што гэта сацыяльная акцыя
з'яўляецца яго непасрэднай сферай працы. Ён сам не падышоў ні да аднаго галадаючага работніка, не пацікавіўся іх праблемамі", — сказаў прафсаюзны лідар.
Цяпер Кавалькоў мае намер сустрэцца з кіраўніком абласной вертыкалі ўлады, каб данесці яму сваю пазіцыю па сітуацыі на прадпрыемстве. Калі праблемы заводскай пярвічкі СПБ не будуць
вырашаны, заяўляе Кавалькоў, будуць праведзены далейшыя акцыі ў красавіку і напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі.
Раней паведамлялася, што 23 студзеня 2014 года Кавалькоў накіраваў ліст кіраўніцтву БЗТДіА, міністрам прамысловасці, працы і сацабароны, старшыні Бабруйскага гарвыканкама і пракурору Першамайскага раёна Бабруйска. Ён вылучыў шэраг патрабаванняў: спыніць пераслед работнікаў прадпрыемства за ўдзел у дзейнасці СПБ і пачаць перамовы з прафсаюзнай пярвічкай па выпрацоўцы і заключэнні калектыўнага дагавора; устараніць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнага дагавора і распаўсюдзіць яго дзеянне на ўсіх работнікаў завода; забяспечыць старшыні пярвічкі бесперашкодны доступ на прадпрыемства.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН