На форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» Беларусь прадставіць Алесь Бяляцкі

20-21 мая ў Рызе пройдзе Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці, якое праводзіцца ў рамках саміту «Усходняга партнёрства» Еўрапейскага Саюза.



get_img_1_22.jpg

У канферэнцыі прымуць удзел некалькі сотняў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і экспертаў з дзяржаў-членаў ЕС і краін «Усходняга партнёрства». Выступяць палітыкі высокага ўзроўню і добра вядомыя спецыялісты з Латвіі і іншых дзяржаў-членаў ЕС.

Як паведамляе радыё «Свабода» са спасылкай на МЗС Латвіі, канферэнцыю адкрые Лаймдота Стравюма, прэм’ер-міністр Латвійскай Рэспублікі. Сярод іншых дакладчыкаў — міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарс Рынкевічс, еўрапейскі камісар па пытаннях палітыкі Еўрапейскага суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэс Хан, міністр замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі, еўрапарламентарый Сандра Калніеце, былы віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Алег Рыбачук, дырэктар па знешняй палітыцы Цэнтра еўрапейскіх рэформ Ян Бонд.

Беларусь на Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці прадставіць старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які выступіць з дакладам.

Мэта канферэнцыі — умацаванне грамадзянскай супольнасці і далучэнне яе да планавання і рэалізацыі палітыкі «Усходняга партнёрства».

«Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці, нароўні з самітам «Усходняга партнёрства», забяспечвае магчымасць палепшыць палітыку суседства ЕС, памяншаючы яе бюракратычны характар. Арганізуючы гэтую канферэнцыю, Латвія падкрэслівае вялікае значэнне грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і належнага кіравання ў краінах «Усходняга партнёрства». Дасягненні Латвіі ў стварэнні грамадзянскай супольнасці заслугоўваюць увагі, і яны будуць карысныя шасці краінам «Усходняга партнёрства» для абмену досведам», — сказаў Андыс Кударс, выканаўчы дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх палітычных даследаванняў.