На Мазырскім НПЗ актывісты незалежнага прафсаюза абвясцілі галадоўку
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук накіраваў зварот міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай у сувязі з галадоўкай прафсаюзных актывістаў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Галадоўка пачалася 14 кастрычніка.
Яе аб'явіў лідар Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага НПЗ Юрый Швец у знак пратэсту супраць націску на прафсаюзных актывістаў. Падставай для акцыі пратэсту стала звальненне
пяці членаў БНП. Да галадоўкі Юрыя Швеца далучыўся і яго намеснік Васіль Альхоўскі. У сваю чаргу, у адміністрацыі НПЗ заяўляюць аб законнасці звальнення членаў незалежнага прафсаюза.
У сваім звароце Аляксандр Ярашук патрабуе экстранна склікаць Савет па пытаннях удасканальвання заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы пры Міністэрстве працы і сацабароны з запрашэннем на
пасяджэнне адміністрацыі Мазырскага НПЗ і кіраўніцтва БНП для «неадкладнага прыняцця мер па спыненні дыскрымінацыі арганізацыі і расправы над яе членамі».
«Калі з боку ўрада не будуць ажыццёўлены неадкладныя дзеянні па спыненні самавольства і распраў над членамі незалежных прафсаюзаў, іх дыскрымінацыі, прыклад з Юрыя Швеца і Васіля
Альхоўскага могуць узяць, пайшоўшы на такія і яшчэ больш адчайныя акцыі пратэсту, іншыя», — цытуе тэкст звароту сайт БКДП.
«Пастаянны пераслед рабочых за прыналежнасць да незалежных прафсаюзаў вымушае іх адважвацца на радыкальныя дзеянні. БКДП не можа і не будзе абыякава назіраць, як учыняецца насілле і
расправа над членамі яго прафсаюзаў, і не стане абмяжоўвацца толькі заявамі і заклікамі спыніць беззаконнасць і пакончыць з бязладдзем у дачыненні да нашых таварышаў», — гаворыцца ў
звароце лідара кангрэсу.
Тым часам галадоўка ў Мазыры працягваецца. Як паведаміў Васіль Альхоўскі, ён і Юрый Швец знаходзяцца ў працоўным кабінеце. Прадстаўнікі адміністрацыі з імі не звязваліся. Сёння на завод павінен
прыехаць Аляксандр Ярашук і старшыня БНП Мікалай Зімін.
БНП 15 кастрычніка выступіў з заявай «Аб сітуацыі, што склалася на ААТ «Мазырскі НПЗ». У ёй паведамляецца, што 16 кастрычніка прадстаўнікі прафсаюза маюць намер
абмеркаваць сітуацыю з кіраўніцтвам канцэрна «Белнафтахім».
«Мы спадзяемся на цывілізаванае вырашэнне гэтай праблемы шляхам перамоў. Аднак Беларускі незалежны прафсаюз ажыццявіць усе даступныя дзеянні па абароне звольненых членаў прафсаюза з
выкарыстаннем усіх законных мер», — падкрэсліваецца ў заяве.
belapan.by