«Днём працуем, начуем у машыне»
Чацвёрты дзень працягваецца галадоўка лідэраў пярвічкі Беларускага незалежнага прафсаюза на Мазырскім НПЗ. Юрый Швец і яго калега Васіль Альхоўскі ўжо 4 дні не былі дома.
— З 8 да 18 мы на працы, выконваем свае абавязкі, калі працоўны дзень
заканчваецца — ідзем да машыны на стаянцы ў завода, і начуем ў
ёй, — расказвае «Салідарнасці» Юры
Швец. — Усё на віду, прадпрыемства працуе кругласутачна, людзі
пастаянна ходзяць праз прахадную. Можа хтосці і думае, што ў мяне поўны бардачок снікерсаў, але гэта не так.
Прафсаюзны актывіст адзначае, што першая рэакцыя на галадоўку ўжо ёсць. Праўда, не з боку адміністрацыі прадпрыемства.
— Учора стала вядома, што ў канцэрне «Белнафтахім»
вырашылі перанесці сустрэчу з прадстаўнікамі незалежнага прафсаюзу з 16 на 18 кастрычніка, — кажа Юрый Швец. — Яны збіраюць усе дакументы, кажуць, што хочуць вывучыць іх дасканала, каб разабрацца
ў нашых праблемах. Прапанавалі нам скласці спісы тых, хто паедзе на сустрэчу ў Мінск.
Пакуль дакументы вывучаюць, актывісты працягваюць галадоўку.
— Літаральна 10 хвілін таму падыходзіла працаўніца завода, пыталася,
ці можна галадаць у нашу падтрымку. Я ёй адказаў, што мяне жонка раўнаваць будзе, і так ужо чацвёрты дзень дома не быў, — жартуе Юрый Швец.
Аб самаадчуванні актывіст кажа скупа.
— Адчуваю сябе нармальна. Фізічна рэсурсы яшчэ засталіся і можна
працягваць галадоўку, хоць калегі прапаноўвалі прыпыніць яе на час, пакуль пытанне разглядаецца на ўзроўні «Белнафтахіма». Аднак цяжка маральна ўсведамляць , што адміністрацыя
прадпрыемства паводзіць сябе так у адносінах да работнікаў, выкарыстоўваючы працоўнае заканадаўства ў сваіх інтарэсах для таго, каб распраўляцца з непажаданымі. Будзем галадаць, пакуль нас не
пачуюць, — падсумаваў актывіст.
Нагадаем, што сваёй галадоўкай лідэры пярвічкі Мазырскага НПЗ патрабуюць спыніць супрацьзаконныя дзеянні ў дачыненні да прафсаюзнай арганізацыі БНП і яе членаў, правесці расследаванне пяці
выпадкаў звальнення работнікаў завода з выкарыстаннем кампетэнтных незалежных спецыялістаў і адмяніць дысцыплінарныя спагнанні і іншыя меры ўздзеяння, прынятыя да іх.
gazetaby.com