Настаяцель парафіі паказаў, як выглядае касцёл у Будславе пасля пажару

Настаяцель будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook фатаграфіі, зробленыя ўнутры касцёла пасля пажару.

budslav_12_05.jpg


На падлозе бачныя лужыны, на скляпеннях і сценах храма — падцёкі, перадае Еўрарадыё.

Напярэдадні Дзмітрый Дубовік расказваў, што так званы «стары касцёл», які знаходзіцца за алтарнай часткай святыні, полымя не закранула, «а вось у касцёле — арган мокры, алтар мокры, мокры ўвесь жывапіс».

Сёння з раніцы прыхаджане планавалі прыйсці ў касцёл, каб прывесці яго ў парадак пасля пажару.

«Унутры поўна вуглёў і вады», — казаў напярэдадні Дзмітрый Дубовік.


Храм загарэўся раніцай у аўторак. З агнём удалося справіцца толькі ў другой палове дня. На дапамогу мясцовым пажарным прыязджалі ратавальнікі са сталіцы. Згарэў дах. Следчы камітэт распачаў па факце пажару 11 траўня ў касцёле ў Будславе крымінальную справу. Справа пачатая па артыкуле «Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне» (ч.2 арт. 304 КК РБ). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — тры гады калоніі.