Настаўніца з Баранавічаў атрымала два гады «хатняй хіміі» за каментар пад фота міліцыянта — яе былога кавалера
Настаўніцу англійскай мовы Баранавіцкай гімназіі №4 Марыю Міхееву, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за тое, што яна ў адным з тэлеграм-чатаў пакінула каментар пад фота міліцыянта Вадзіма Якімчыка, паведамляе незарэгістраваны ў Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна».
33-гадовая Марыя Міхеева пакінула пад фотаздымкам міліцыянта Вадзіма Якімчыка ў адным з тэлеграм-чатаў каментар: «Я з гэтым чмом у маладосці гуляла».
Лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што слова «чмо» нясе ў сабе прыніжальную афарбоўку, якая зневажае чалавечую годнасць.
Падчас судовага пасяджэння абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда.
Жанчына выхоўвае двух дзяцей. Гэта суд палічыў змякчальнай акалічнасцю. Як і «чыстасардэчнае раскаянне ў з дзейсненым злачынстве».
У выніку суддзя Літвінчык Аксана прысудзіла Міхеевай два гады «хатняй хіміі».
Таксама ў жанчыны канфіскавалі ў даход дзяржавы яе мабільны тэлефон.