Рэдактарка «Зялёнага партала» распавяла падрабязнасці пра затрыманне і суткі на Акрэсціна

Галоўрэд «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава распавяла «Салідарнасці» пра сваё затрыманне і 72 гадзінах на Акрэсціна.

Яніна Мельнікава / facebook.com

Яніна Мельнікава / facebook.com


Яніну Мельнікаву затрымалі 3 верасня, перад гэтым у яе кватэры правялі ператрус. Пра тое, што да яе прыйшлі, Яніна паспела паведаміць у сацсетках. Кажа, што гэты пост сілавікоў раззлаваў.
— Яны ламалі дзверы: працэдура для іх была нескладаная, але гэта дало мне час напісаць у сацсетцы, падыхаць і падрыхтавацца, — дзеліцца падрабязнасцямі таго візіту Мельнікава.
Яна кажа, што не можа разгалошваць, у рамках якой крымінальнай справы да яе прыйшлі і правялі ператрус. Але, расказвае, што забралі тэлефон, кампутар, жорсткія дыскі.
— Потым мяне павезлі на допыт — ён быў кароценькім, нічога асабліва. А далей пачалося самае цікавае. Мяне адвезлі ў РУУС. Там мне ніхто не сказаў, што я затрыманая. Тым не менш, мяне пасадзілі ў клетачку і сказалі крыху пачакаць. Праз некаторы час мне прыносяць пратакол аб супраціве міліцыі. Я яшчэ доўга сядзела і чакала, што ж будзе далей. У ноч на 4 верасня мяне адправілі на Акрэсціна.
Яніна кажа, што спачатку ў трохмеснай камеры іх было чацвёра і першую ноч яна спала на лаўцы. Потым іх стала пяцёра на тры месцы.
— Вядома, у нас не было аніякіх матрацаў і коўдраў, было досыць холадна. Вельмі ратавалі медыцынскія маскі: калі іх надзець на твар, то здавалася, што нос не так мерзне і ты саграваешся сваім дыханнем.
Акрамя журналісткі ў камеры было трое «палітычных».
— Са мной была калега, якая мае непасрэднае дачыненне да эколагаў — Наталля Герасімава. Была дзяўчына, затрыманая ў «Корпусе», — Ліза Неўмяржыцкая. І яшчэ пенсіянерка, да якой прыйшлі на дачу і забралі за рэпост (цяпер многіх бяруць за гэта, яна ўжо сядзела другі раз).
Затым да іх падсялілі жанчыну, затрыманую за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Яе вельмі здзівіла, што ў камеры няма матрацаў.
— Мы ёй усё растлумачылі. Мы добра чулі, як мужчынам з суседніх камер крычалі, каб яны скруцілі матрацы. Нам скручваць было няма чаго. Мы, у сваю чаргу, былі здзіўленыя, што гэтую жанчыну ў РУУС частавалі цыгарэтай і выводзілі папаліць, пакуль мы сядзелі ў клетках.
Суд, успамінае Яніна, заняў хвілін пяць.
— Быў сведка, які нібыта бачыў, як я адмаўлялася выходзіць з машыны і супраціўлялася. У мяне да яго не было ніякіх пытанняў, я ўжо была на такіх судах. Я патлумачыла сваю пазіцыю, суддзя, не сыходзячы, вынес пастанову: 95 базавых штрафу.
Мельнікава кажа, што з адвакатам паспрабуе высветліць, навошта яе павезлі ў РУУС, у рамках чаго.
— Супраціў — гэта тое, што яны аформілі па факце, але не тлумачаць, навошта павезлі туды, — заўважае журналістка.