Наступнае звальненне з Гарадзенскага ўніверсітэта — Генадзь Семянчук
З Гарадзенскага ўніверсітэта звольнілі гісторыка-археолага кандыдата гістарычных навук Генадзя Семенчука, які працаваў у ВНУ з 1991 году. Яго калегі звязваюць гэта з працягам зачысткі супрацоўнікаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Сам гісторык пакуль абмяжоўваецца ў каментарах афіцыйнай прычыны, паводле якой ён вымушаны сысці з навучальнай ўстановы.
— На сённяшні дзень я афіцыйна падпісаўся і атрымаў па пошце папярэджанне, як і павінна быць па законе за месяц, што з 27.01 са мной спыняецца працоўнае пагадненне, па пункце 2 артыкула 35 “Аб заканчэнні тэрміну кантракта”, без усялякіх тлумачэнняў. Так і ў працоўным кодэксе напісана. Што далей, па-першае, мяркую зарэгістравацца на біржы для беспрацоўных і паспрабаваць знайсці штосьці ў сваёй прафесійнай галіне. Зараз хоць свабода з’явіцца для творчасці.
Тэрмін цяперашняга кантракту заканчваецца 27 студзеня, паведаміў Генадзь Семянчук. Ён збіраецца ў бліжэйшым часе склікаць прэс-канферэнцыю, на якой і паведаміць аб прычынах, па якіх яго больш не хочуць бачыць ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Некалькі дзён таму стала вядома, што адміністрацыя ВНУ таксама не працягнула кантракт гісторыку Святлане Куль-Сяльверставай. Яшчэ раней пад звальненні трапілі іншыя выкладчыкі, сярод якіх Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Андрэй Чарнякевіч,Ігар Кузьмініч і Вольга Сабалеўская.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя