Не маюць права. Сям'і і адвакату не далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па забойстве Тарайкоўскага

Па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага не сталі ўзбуджаць крымінальную справу. Паводле версіі следства, сілавікі дзейнічалі па законе і выкарыстоўвалі несмяротную зброю. Сям'я спрабавала азнаёміцца з матэрыяламі справы і абскардзіць адмову, але ім у гэтага не далі зрабіць. Пра гэта TUT.BY паведаміла афіцыйны прадстаўнік сям'і адвакатка Альвіна Мінгазава.

tass_minsk_41000556.jpg

З моманту атрымання паведамлення аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адвакатка Альвіна Мінгазава, прадстаўніца бацькі забітага, спрабавала атрымаць копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і азнаёміцца з матэрыяламі праверкі.

Яна атрымала адмову на свой афіцыйны зварот. Яна падпісана намеснікам начальніка ўпраўлення УСК па Мінску Андрэем Матолькам і датавана 2 красавіка.

Сваю адмову Следчы камітэт матываваў тым, што «згодна ч. 2 ст. 178 КПК, права азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па заяве або паведамленні аб злачынстве маюць заяўнік і асоба, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы».

Крымінальная справа была ўзбуджаная на падставе паведамлення аб смерці службовай асобы «Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі». Такім чынам, Следчы камітэт лічыць, што з матэрыяламі справы можа знаёміцца альбо гэтая службовая асоба, альбо сам Аляксандр Тарайкоўскі, а яго бацька і адвакат сям'і такога права не маюць.

Для таго, каб абскардзіць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, сям'і і яе прадстаўніку для пачатку давядзецца абскардзіць адмову ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі.

— Будзем абскарджваць, таму што на сённяшні дзень склалася сітуацыя, што загінуў чалавек. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, але ні бацька Аляксандра Тарайкоўскага, ні я як яго прадстаўніца не можам азнаёміцца з матэрыялам праверкі. Пісаць скаргу на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы без азнаямлення з дакументамі — гэта працаваць усляпую. Будзем абскарджваць вышэйстаячаму кіраўніцтву і далей глядзець па сітуацыі, — пракаментавала сітуацыю адвакатка Альвіна Мінгазава.

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская». У МУС заявілі, што ён спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў, якая выбухнула ў руцэ і прычыніла яму траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Але апошнія хвіліны яго жыцця трапілі на відэа і гэтыя кадры абверглі першапачатковую версію МУС: на відэа бачна, што ў Аляксандра няма нічога ў руках і ён падае на зямлю пасля ранення ў грудзі. Пра гэта ж казалі і відавочцы.