«Не выключаныя памылкі і абдрукоўкі». Генпракуратура праверыла новыя падручнікі

Сёлета ў Беларусі завершаны пераход на новую школьную праграму і новыя падручнікі. І тут раптам высветлілася, што ў падручніках багата памылак і абдруковак, а навучальныя праграмы — няякасныя.

uchebn.jpg


Генеральная пракуратура праверыла якасць навучання школьнікаў у Мінску, Віцебскай і Гродзенскай абласцях Беларусі. І знайшла шмат парушэнняў. Напрыклад, не ўсё добра з новымі школьнымі падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі.

«Тэксты ў некаторых падручніках перагружаныя залішняй навуковай інфармацыяй. Не выключаныя памылкі і абдрукоўкі. Навучальныя дапаможнікі для пачатковых класаў нярэдка адрозніваюцца складанымі фармулёўкамі заданняў», — лічыць начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч.

Перапрацоўкай толькі што падрыхтаваных і выдадзеных падручнікаў «ужо занятыя спецыялісты», сказалі па БТ.

Пракурор упраўлення ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці Генпракуратуры Беларусі Алена Яскевіч расказала яшчэ пра адно парушэнне, дапушчанае чыноўнікамі:

«Нацыянальны інстытут адукацыі ў кастрычніку мінулага года закупіў камплекты наглядных матэрыялаў для кабінетаў біялогіі больш як 300 устаноў адукацыі рэспублікі. Устаноўлена, што гэтыя матэрыялы змяшчалі факталагічныя і граматычныя памылкі. На прадмет правільнасці і паўнаты падачы інфармацыі спецыялісты ў сферы біялогіі іх не ацэньвалі крытычна».

Таксама пракурорскія работнікі аналізавалі навучальныя праграмы.

«Праблемы пры засваенні навучальных прадметаў звязаныя не толькі з неналежнай якасцю дапаможнікаў, але і з недастатковай прапрацоўкай навучальных праграм. Вучэбная нагрузка звычайнага школьніка ў рэспубліцы дасягае ад 50 да 65 гадзін за тыдзень і супастаўная з занятасцю дарослага працуючага чалавека», — канстатуе Вікторыя Фіневіч.

Паводле Еўрарадыё