Недаатрымаў грошы за 11 гадоў: мінчук судзіцца з Гарвыканкамам па інфармаванні пра віды пенсіі

29 студзеня адбылося пасяджэнне ў судзе Ленінскага раёна Мінска, дзе разглядалася скарга Дзяніса Юркова на дзеянні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Дзяніс Юркоў, ці «Мінскі дворнік», лічыць, што менавіта праз тое, што інвалідаў не інфармуюць пра магчымасць пераходу з сацыяльнай пенсіі на працоўную, ён недаатрымаў грошы, бо сацыяльная пенсія меншая па памерах за працоўную.

Дзяніс Юркоў

Дзяніс Юркоў

Дзяніс Юркоў, інвалід 3-й групы, 11 гадоў атрымліваў сацыяльную пенсію. Улетку ён выпадкова даведаўся, што як працоўны інвалід ён мае права на працоўную пенсію. На іншы від пенсіі яго перавялі, але кампенсаваць тыя грошы яму ніхто не абавязаны.
У скарзе, якую Юркоў падаў у суд на Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, ён не патрабаваў вярнуць яму грошы. Справа ў тым, што раней Юркоў напісаў зварот у Мінгарвыканкам, дзе, па сутнасці, казаў, што ён не пераходзіў з сацыяльнай на працоўную пенсію таму, што быў не інфармаваны Камітэтам пра яе існаванне. На свой зварот ён атрымаў адказ пра тое, што па законе Камітэт не абавязаны інфармаваць працоўных інвалідаў аб магчымасці пераходу на працоўную пенсію.
Камітэт абавязаны адказваць на пытанні грамадзян, якія тычацца пенсій, калі такія ў іх узнікнуць. Аднак якім чынам можна задаваць пытанні, калі інвалід не ведае пра сваё права перайсці на іншы від пенсіі?
Дзяніс Юркоў у судзе адзначыў: «Калі мяне афармлялі на сацыяльнцую пенсію ў 2008 годзе, мне не сказалі, што праз год я буду мець магчымасць перайсці на працоўную пенсію. Я лічу, што мне павінны былі паведаміць пра такую магчымасць».
Лілія Бурдзялёва, галоўны спецыяліст аддзела прызначэння пенсій і дапамог Упраўлення пенсій і дапамог Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, сказала ў судзе наступнае: «Па законе Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама не надзелены паўнамоцтвамі прымаць рашэнне аб прызначэнні пенсіі.Камітэт адказ аў Юркову на яго зварот, што прамой спасылкі ў законе на тое, што Камітэт мусіць інфармаваць грамадзяніна аб пераходзе на працоўную пенсію, няма. Але Юркову патлумачылі, што калі грамадзянін звяртаецца па тлумачэнні, то іх яму даюць. У 2008 годзе, калі Юркову прызначалася сацыяльная пенсія, яму было сказана, што ўсе неабходныя дакументы мусілі быць прадстаўлены працадаўцам. Пасля таго выпадку ён больш не звяртаўся».
– Чаму не было дадзена тлумачэнняў Юркову па відах пенсій? – задала пытанне суддзя.
– Будуць пытанні, будуць і адказы. Вы зразумейце: інструкцыі аб тым, як даводзіць такую інфармацыю да грамадзян, няма. Інфармацыя пра віды пенсій ёсць у агульным доступе. А калі чалавеку столькі часу не было цікава, чаму ў яго такая маленькая пенсія, што тут можна сказаць… Тым больш Юркоў не памятае, хто менавіта заносіў пакет дакументаў у 2008 годзе – ён ці яго працадаўцы. Таму цалкам магчыма, што калі нехта прыходзіў з яго працы, то яму і далі тлумачэнні па пенсіях, – адказала Лілія Бурдзялёва.
У той жа час Юркоў прывёў прыклад сваёй знаёмай з інваліднасцю, да якой з Адміністрацыі Заводскага раёна Мінска быў дасланы ліст-апавяшчэнне пра тое, што яна мае магчымасць пры пэўных умовах на працоўную пенсію. Далей ішла падрабязная інфармацыя, як гэта можна рабіць і што ўваходзіць у працоўны стаж. «Калі б такія апавяшчэнні прыходзілі ўсім тым людзям, якія пачалі атрымліваць сацыяльную пенсію, то мяне б тут у судзе не было», – скончыў свой выступ Дзяніс Юркоў. Суддзя рашэнне па справе пакуль не вынесла. Судовае пасяджэнне перанеслі на 5 лютага.
Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі пракаментаваў пасяджэнне наступным чынам: «Сама прадстаўніца Камітэта агучыла, што ў заканадаўстве не прапісана, як менавіта мусіць выглядаць інфармаванне грамадзян аб пераходзе на працоўную пенсію. Таму мы зноўку пераконваемся, што трэба ўвесці ўдакладняльны пункт у заканадаўства».
wmeste.by