«Нельга прад'яўляць такія абвінавачанні за тры фразы». Маскоўская «КП» будзе абараняць Генадзя Мажэйку

У сітуацыі з журналістам «Комсомольской правды Беларуси» Генадзем Мажэйкам, якому 11 кастрычніка прад'явілі абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці і абразе прадстаўніка ўлады, адбываецца вялікая стратэгічная памылка. Такую заяву зрабіў галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін.

pic_0eac0e391e8eb2962cc79b66ce84e3b3.jpeg

«У нас няма ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як праз нашых юрыстаў даказваць, што гэтае абвінавачанне абсурднае», — сказаў Сунгоркін. Ён дадаў, што адвакаты будуць рабіць усё магчымае, каб з арыштаванага журналіста знялі ўсе абвінавачанні і выпусцілі на волю, піша lenta.ru са спасылкай на «Sputnik Беларусь».

Сунгоркін яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе выдаткі на адвакатаў выданне ўзяло на сябе.

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» таксама ўпэўнены, што ні па якіх крытэрах цывілізаванага грамадства нельга прад'яўляць такія сур'ёзныя абвінавачанні за тры фразы, якія журналіст напісаў са слоў суразмоўцы.

«Я лічу, што адбываецца вялікая стратэгічная памылка», — заявіў Сунгоркін.

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» таксама нагадаў і пра ацэнку Крамля: «Пяскоў Дзмітрый Сяргеевіч неаднаразова выказваўся па гэтай сітуацыі, выказваючы пазіцыю Крамля, гаварыў цалкам адназначна, што гэта няправільна». 

Генадзя Мажэйку арыштавалі 5 кастрычніка. Удакладнялася, што журналіст быў аўтарам матэрыялу пра праграміста Андрэя Зельцэра, які застрэліў у Мінску супрацоўніка КДБ. Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін неўзабаве пасля гэтага заявіў, што Мажэйка быў затрыманы ў Маскве і гвалтоўна вывезены ў Беларусь.

Беларускія сілавікі абверглі гэтыя абвінавачанні, сказаўшы, што Мажэйка быў затрыманы ўжо на тэрыторыі Беларусі. Цяпер журналіст знаходзіцца ў СІЗА горада Жодзіна.