Незалежнае выданне супраць «Гродзенскай Праўды»
Рэдакцыя незалежнага выдання з Гародні Hrodna.life ужо некалькі месяцаў змагаецца з дзяржаўнай прэсай рэгіёна за магчымасці выкарыстання цытатаў з дзяржаўнай прэсы.
Пра гісторыю змагання распавядае галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:
– Атрымалі некалькі лістоў ад дзяржаўных медыя, перадусім ад «Гродзенскай Праўды», абласной газеты, а таксама нядаўна ад тэлеканала «Гродна +» пра выкарыстанне іх матэрыялаў. Нарэшце дзяржаўныя медыя заняліся тэмай аўтарскіх правоў. Гэта з аднаго боку добра і правільна, а з іншага боку «Гродзенская Праўда» нам цалкам забараніла перадрук сваіх матэрыялаў. Гэта дзіўна, бо гэта афіцыйны орган аблвыканкама, і вельмі шмат інфармацыі ёсць толькі ў іх.
На думку Аляксея Шота некаторыя матэрыялы дзяржаўнай прэсы вельмі важныя для жыхароў горада:
– Матэрыял вельмі важны быў пра будучыню былога Палаца тэкстыльшчыкаў. Мы выкарысталі каля 40 % невялікай навіны, то бок у асноўным каментар, які атрымала газета, і тры з васьмі фота. А цытаванне ў Беларусі рэгулюецца вельмі проста: аб’ём цытавання абаснаваны мэтай цытавання. І больш нічога не сказана. То бок ці 90%, ці 20% ад тэксту – нідзе не патлумачана.
Аляксей Шота спадзяецца, што ліставаннем між рэдакцыямі ўдасца прыйсці да кансэнсусу па выкарыстанні цытатаў.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя