Незалежныя прафсаюзы не могуць сабе дазволіць масава адсвяткаваць 1 траўня

Сусветны дзень салідарнасці працоўных 1 траўня, які ў Беларусі называецца Святам працы і з'яўляецца дзяржаўным святам, масава адзначыць зможа толькі праўладная Федэрацыя прафсаюзаў.

05_bkdp_zjezd_0.jpg

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, іх арганізацыя не будзе ладзіць вулічных мерапрыемстваў, перш за ўсё — з-за неабходнасці аплачваць паслугі міліцыі па ахове правапарадку.
Як вядома, 24 студзеня ўрад прыняў пастанову № 49, згодна з якой заяўнікі вулічных акцый абавязаны аплочваць паслугі па ахове грамадскага парадку, а таксама выдаткі, звязаныя з медабслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства. Напрыклад, за арганізацыю акцыі колькасцю ад 101 да 1.000 чалавек толькі міліцыі трэба заплаціць 150 базавых велічынь (3825 рублёў), больш за тысячу чалавек — 250 базавых велічынь (6375).
«Мы абмяркоўвалі гэтую праблему і на сакавіцкім выканкаме, і на савеце БКДП 11 красавіка, — распавёў Ярашук. — І прыйшлі да высновы, што трэба сябе не паважаць, каб плаціць такія непад'ёмныя сумы. Абсалютна ніякага сэнсу ў тым, каб праводзіць Першамай, мы не бачым».
Акрамя таго, Ярашук перакананы: калі і выходзіць на вулічную акцыю, то рабіць гэта трэба без усялякіх заяў і апавяшчэнняў.
Лідар БКДП распавёў, што калі абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі акцыі ў знак пратэсту супраць ціску на Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, ён прапаноўваў правесці яе ў Мінску або Салігорску без усялякіх заяў і паведамленняў, «напляваўшы на ўсе пастановы». «Але пакуль нашы людзі не гатовыя, і асуджаць тут кагосьці ніякага сэнсу няма», — дадаў Ярашук.
Ён лічыць, што з моманту прыняцця пастановы № 49 «на акцыях можна паставіць кропку». «Я думаю, што ўсе разумныя людзі ў той сітуацыі, якая склалася, натуральна, не будуць плаціць, згаджацца з тымі ўмовамі, якія навязваюцца ў плане аплаты, асабліва паслуг міліцыі. Думаю, пералік адмоваў у правядзенні тых ці іншых грамадскіх мерапрыемстваў будзе памнажацца», — прагназуе лідар БКДП.
Такім чынам улады правакуюць людзей, перакананы Ярашук. «Ну што ж, хай правакуюць — рана ці позна гэта чымсьці скончыцца, я нават не сумняюся, — сказаў ён. — Што тычыцца нас, то гронкі гневу спеюць. Да якой ступені і калі яны паспеюць — іншае пытанне. Але тое што рэжым правакуе вельмі сур'ёзную сітуацыю для сябе, — гэта яго выбар. Я лічу, што наступіць момант, калі проста пачнуцца акцыі грамадзянскага непадпарадкавання».
Між тым праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) мае намер шырока адзначыць Свята працы.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ФПБ, 1 траўня ў 11.00 прадстаўнікі федэрацыі ўскладуць кветкі да сталічнай стэлы «Мінск — горад-герой», а затым правядуць у парку Перамогі святочны мітынг з удзелам чыноўнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, гарадскіх уладаў і працоўных калектываў. Мітынг скончыцца прэзентацыяй інтэрактыўных пляцовак, канцэртам і гуляннямі.
Афіцыйныя святкаванні з нагоды Свята працы пройдуць таксама ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.
naviny.by