«Нішчэнне ўсяго беларускага самімі беларусамі – гэта такі грэх перад Богам, што яго не адмаліць і ў сямі цэрквах»

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў на сайце nv-online.info — пра сітуацыю, у якой зараз знаходзіцца Беларусь і беларусы.

_perszy_sneh__zima_2021___minsk___holad___zanjapad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


Расію я разумею. У 2024 годзе там выбары. Не будзе, канешне, сілавога захопу Беларусі, будзе паўзучая інкарпарацыя. Па сутнасці, ужо на сённяшні дзень Беларусь расійская. Яны перакананы, што ў 2024 годзе яны выйдуць на адзіную валюту. Карацей, будзе выглядаць так, што Беларусь добраахвотна, хай і нефармальна, але далучылася да Расіі. Гэта, канешне, падыме палітычны рэйтынг Расіі, і на гэта яны разлічваюць. Яны так, але што мы – беларусы ва ўладзе ці ў апазіцыі? Мы што, можам неяк спавядаць гэтыя самыя ідэі? Мы што, самагубцы? Мы што, не бачым, як развіваецца свет?
Паглядзіце, што ў Італіі робіцца, што ў Іспаніі робіцца, у англічан што робіцца. Ірландцы хочуць быць ірландцамі. Нават тыя італьянцы, якія жывуць у Венецыі, кажуць: мы не італьянцы, мы венецыянцы. Так што песня пра зліццё народаў і нацый у нешта адзінае цэлае спяваецца даўно, але, па-мойму, гэта такая даволі фальшывая песня. Так, чалавецтва ёсць адно цэлае – гэта безумоўна, гэта арганізм адзіны, але кожны чалавек адрозніваецца ад кожнага чалавека. Так і нацыі і народы. А чым можна адрознівацца, калі мы страцім мову, культуру?
Нішчэнне ўсяго беларускага самімі беларусамі – гэта такі грэх перад Богам, што яго не адмаліць і ў сямі цэрквах. Да некага гэта ўрэшце павінна дайсці. Калі інакш нешта, то я тады дарма пражыў жыццё і нічога ў ім не зразумеў.