Новы адукацыйны фармат, ступень “Магістар Гульні”…

Чым яшчэ здзівіць Лятучы ўніверсітэт у новай адукацыйнай праграме?
 



a_39078.jpg

На пачатку лістапада Лятучы ўніверсітэт распачаў набор на ўдзел у новай адукацыйнай праграме, 13 лістапада а 18.30 усіх цікаўных запрашаем на афіцыйную прэзентацыю праграмы і сустрэчу з калегіюмам Лятучага. Прэзентацыя адбудзецца ў клубе Imaguru (вул. Фабрыцыюса, 4).

Тыя, хто знаёмы з Лятучым не толькі з разавых мерапрыемстваў, ведаюць, што ўвесь час свайго існавання (а гэта больш за 5 год!) універсітэт знаходзіцца ў сталым пошуку новых формаў і спосабаў арганізацыі мысленчай працы, новага зместу адукацыі — найбольш адпаведнага ідэі сучаснага Універсітэта. Менавіта таму кожная наступная праграма, якую абвяшчае ўніверсітэт, не падобная на папярэднюю: захоўваючы добрыя ўніверсітэцкія традыцыі, мы заўсёды здзівім слухачоў і нечаканымі інавацыямі.

Новая праграма прадстаўляе два розныя ўзроўні адукацыі. Для тых, хто хацеў бы выбудоўваць асабістую адукацыйную траекторыю ў вольным руху, Лятучы ўніверсітэт прапануе ўжо добра знаёмы традыцыйны фармат — адукацыйныя курсы. Гэты так званы “першы ўзровень” новай праграмы складаюць 8 курсаў, на якіх свае падыходы і практыкі мыслення прадставяць вядомыя беларускія інтэлектуалы і культурныя дзеячы: Уладзімір Мацкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Ірына Дубянецкая, Генадзь Сагановіч, Міхась Баярын, Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Вячаслаў Бабровіч.

Другі ўзровень, і яму надаецца асаблівая ўвага, прадставяць Школы Магістраў Гульні — новы адукацыйны фармат Лятучага ўніверсітэта. Разлічаныя на невялікія групы адмыслоўцаў, шчыльную камунікацыю з Настаўнікамі – вядомымі беларускімі інтэлектуаламі і мыслярамі, Школы задуманыя як месцы супольнай працы па стварэнні новых сэнсаў і практыкаў:

Школа гісторыі ідэй (кіраўнік — Ігар Бабкоў)

Метадалагічная школа (кіраўнікі — Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская)

Школа ВКЛ (кіраўнік — Алег Дзярновіч )

Школа сацыяльна-філасофскай аналітыкі (арганізатары — супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”)

Чым адметныя гэтыя два ўзроўні? Па якіх прынцыпах збудаваныя, якія крытэры адбору, патрабаванні і ўмовы ўдзелу? Што чакае слухачоў у выніку — якія здабыткі? Хто такі “Магістар Гульні” і каму будзе надавацца гэтая ступень у Лятучым?

Каб падрабязна даведацца пра канцэпцыю і структуру новай праграмы, пазнаёміцца з асновамі, прынцыпамі, зместам лекцыйных курсаў і Школаў Магістраў Гульні, адчуць цудоўную атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя, у неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць з выкладчыкамі курсаў і кіраўнікамі Школаў, запрашаем вас на ПРЭЗЕНТАЦЫЮ НОВАЙ ПРАГРАМЫ ЛЯТУЧАГА ЎНІВЕРСІТЭТА, якая адбудзецца 13 лістапада ў клубе Imaguru (вул. Фабрыцыюса, 4). Пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Звяртаем увагу, што ЗАПІС НА КУРСЫ І ШКОЛЫ ўжо адкрыты і трывае да 5 СНЕЖНЯ! Пазнаёміцца з кароткімі анонсамі курсаў і Школаў, а таксама зарэгістравацца на іх можна тут