Новыя могілкі з'явяцца ў Мінску ля Малога Трасцянца

У Мінску плануюць пабудаваць новыя могілкі. Як піша TUT.by, праект вынесены на грамадскае абмеркаванне. Побач з могілкамі ўзнікнуць і прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця.

euroradio.fm

euroradio.fm

Могілкі «Лясныя» з’явяцца з левага боку ад Магілёўскай шашы, ля пасёлка Малы Трасцянец. Увесці аб’ект у эксплуатацыю мяркуюць ужо ў 2019 годзе, бо на існуючых «Паўночных» могілках ужо няма дзе хаваць. Пад могілкі адводзіцца 26 гектараў, але ў перспектыве тэрыторыя дасягне 70 гектараў. Пры цяперашнім узроўні смяротнасці гэтага хопіць на 20-25 гадоў.  
Раней гэтую тэрыторыю займаў танкавы палігон, а цяпер гэта поле, не прыдатнае для выкарыстання ў сельскагаспадарчых мэтах. Праектоўшчыкі сцвярджаюць, што гэтае месца цалкам адпавядае ўсім патрабаванням да такіх аб’ектаў.
На «Лясныя» могілках будуць тры зоны пахаванняў: традыцыйныя з двайнымі ўчасткамі, газонныя без надмагільных узгоркаў і агароджаў, а таксама калумбарыі для захавання праху пасля крэмацыі.
Побач з новымі могілкамі павінны з’явіцца прадпрыемствы па сартаванні і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адкідаў. Заводы цяпер будуюцца з удзелам інвестараў з Польшчы і Даніі, а на вытворчасці будуць выкарыстоўваць тэхналогіі без выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.
Euroradio.fm