Піць і лаяцца забараняецца

Прапануем вашай увазе адказы юрыста-праваабаронца Алега Волчака на пытанні чытачоў.

-    Мяне з сябрам у 5 раніцы затрымалі супрацоўнікі міліцыі за тое, што мы ў стане алкагольнага ап’янення лаяліся нецэнзурнай лаянкай. У судзе нам далі штраф за супраціўленне міліцыі, якое мы не аказвалі. Сведак не было. Што можна зрабіць?
    Курэня С. П., Мінск



efb3d8be0319721ef751da0b05d9f6a5.jpg

Прапануем вашай увазе адказы юрыста-праваабаронца Алега Волчака на пытанні чытачоў.
-    Мяне з сябрам у 5 раніцы затрымалі супрацоўнікі міліцыі за тое, што мы ў стане алкагольнага ап’янення лаяліся нецэнзурнай лаянкай. У судзе нам далі штраф за супраціўленне міліцыі, якое мы не аказвалі. Сведак не было. Што можна зрабіць?
    Курэня С. П., Мінск

Гэта сітуацыя тыповая не толькі для Мінска, але і іншых гарадоў Беларусі. На жаль, калі адсутнічаюць сведкі ў канфлікце паміж грамадзянінам і супрацоўнікам міліцыі, судовая сістэма, як правіла, лічыць больш праўдзівымі сведчанні супрацоўнікаў міліцыі. Звычайна суд спасылаецца на тое, што супрацоўнік міліцыі выконваў свае службовыя абавязкі, а таму ён не можа казаць няпраўду. Аднак, у любым выпадку, вам трэба ведаць вашы правы ў дадзенай сітуацыі.
Паводле артыкула 2.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях, асоба не можа быць прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці, пакуль у парадку, устаноўленым гэтым кодэксам, не будзе даказана яе вінаватасць у здзяйсненні правапарушэння. Абавязак даказваць вінаватасць асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ускладаецца на службовую асобу органа, што вядзе адміністрацыйны працэс. Асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, не абавязана даказваць сваю невінаватасць. Акалічнасці, выкладаныя ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, у пастанове пра накладанне адміністрацыйнага спагнання, не могуць грунтавацца на здагадках.
 Сумневы ў абгрунтаванасці высновы пра вінаватасць асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, тлумачацца на яе карысць.
Лічу, што ў вашай сітуацыі ёсць шанец пазмагацца за вашы правы. У першую чаргу, вы маеце права азнаёміцца з усімі матэрыяламі адміністрацыйнай справы, пасля чаго напісаць скаргу пракурору раёна ці скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Вядома, лепш скаргу пісаць разам з юрыстам.


-    Знаходжуся на прымусовым лячэнні ў ЛПП (лячэбна-працоўным прафілакторыі). Чаму ЛПП належаць да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС? Лічу гэта парушэннем правоў чалавека.
    Бялецкі С. М.

На жаль, гэта не з’яўляецца парушэннем правоў чалавека. Гэта асаблівасць дзяржаўнага ўладкавання. Такія пытанні ў кампетэнцыі вырашыць парламент ці прэзідэнт. Асабіста маё меркаванне, што тут ёсць яшчэ адна праблема. А ці патрэбныя нам такія ўстановы? Цікава, наколькі гэтыя метады дапамагаюць дзяржаве змагацца з людзьмі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі? Ці ёсць статыстыка такой працы? Чаму міліцыя займаецца лячэннем такіх грамадзян? Тут патрэбны зусім іншы падыход у барацьбе з алкагалізмам. І займацца такой складанай праблемай павінна не толькі міліцыя, але і органы ўлады, грамадскія арганізацыі, цэрквы, а ў цэлым і ўсё грамадства. А таксама варта было б наогул перагледзець пытанне пра карыснасць такіх лячэбна-працоўных прафілакторыяў, бо мне здаецца, што ўсё гэта састарэла. ЛПП часцяком з’яўляюцца імітацыяй барацьбы з алкагалізмам, але не рэальна дапамагаюць хвораму чалавеку.