Палякі пабудуюць у Гродна найбуйнейшы беларускі гандлёвы цэнтр
У Гродна збіраюцца пабудаваць ГЗЦ «Трыніці» з гандлёвымі плошчамі больш за 60 тысяч квадратных метраў.
Побач з аб'ектам пабудуюць гіганцкую паркоўку на 2,2 тыс. аўтамабіляў. Усё гэта палякі павінны пабудаваць за 16 месяцаў, паведамляе Tut.by.
Кантракт на амаль 66 млн еўра падпісалі гродзенскае ТАА «Трыніці Інвест» і Unibep SA з Бельска Падляскага.
Дамова набудзе моц пасля таго, як інвестар атрымае фінансаванне. Паводле інфармацыі прэс-службы Unibep SA, крэдыт павінны даць польскія банкі. Ён будзе застрахаваны Карпарацыяй страховак экспартных крэдытаў (KUKE) — польскай фірмай, створанай дзяржавай ў 1991 годзе для падтрымкі польскіх экспарцёраў на рынках з павышаным узроўнем рызыкі. Бяспека ў гэтым выпадку гарантуецца дзяржаўным бюджэтам.
«Цяжкім і патрабавальным» назваў беларускі рынак старшыня праўлення Unibep SA Лешэк Галамбецкі. У фірмы ўжо ёсць досвед працы ў Беларусі — ў мінулым годзе скончылася будаўніцтва гатэльнага комплекса «Вікторыя» ў Мінску. Unibep S.A. — адзіная польская фірма, якая атрымала пяцігадовую ліцэнзію на будаўніцтва і генеральны падрад на тэрыторыі Беларусі.
Гродзенцам генпадрадчык павінен быць вядомы па характэрных будынках галерэі «Альфа» і Падляскай оперы і філармоніі ў Беластоку або аквапарку ў Сувалках. Фірма працавала і ў Расіі — там палякі будавалі комплекс Airport City ў Санкт-Пецярбургу і некалькі аб’ектаў у Калінінградзе і Маскве. У Варшаве і некалькіх гарадах Нарвегіі фірма актыўна будуе жыллё.
Забудоўшчык — гродзенскае ТАА «Трыніці Інвест» — уваходзіць у групу кампаній «Контэ». Над праектам гандлёвага цэнтра працуюць літоўскія спецыялісты, якія займаліся раней віленскім «Akropolis» і ГЗЦ «Retroville» у Кіеве.