Палітвязня Аляксея Ліпеня зноў асудзілі. Чацвёрты раз за паўгода

У судзе Заводскага раёна 7 верасня разглядалася чарговая крымінальная справа, заведзеная на Аляксея Ліпеня за абразу службовай асобы (арт. 369 КК РБ). Да таго яго судзілі за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў сацыяльных сетках тройчы: 13 красавіка, 31 мая, і 15 ліпеня. Агулам быў асуджаны на 5 гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, распавядае «Вясна».

lipen_a.jpg

Крымінальныя справы былі заведзеныя за тое, што на працягу двух месяцаў Аляксей пакідаў абразлівыя каментары і пагрозы ў адрас міліцыянтаў ў адным з тэлеграм-каналаў.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Аляксей Ліпень прызнаны палітычным зняволеным.

Новую крымінальную справу разглядала суддзя Алена Капцэвіч.

У якасці чарговага пацярпелага выступаў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Светлагорскага РАУС, маёр міліцыі Аляксандр Пераверднеўцаў.

Пацярпелы на пасяджэнне не з'явіўся з прычыны службовай занятасці і складанай эпідыялагічнай абстаноўкі. Аднак падаў матэрыяльны пазоў за маральныя пакуты ў памеры 3 000 рублёў.

Паводле матэрыялаў следства, 30 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» было размешчана фота Пераверднеўцава, а на яго адрас быў напісаны каментар у абразлівай форме з нецэнзурнымі словамі.

«Мне пачалі гаварыць, што бачылі маё фота. Тады я зарэгістраваўся ў тэлеграм-канале і пабачыў той каментар. Там падпісана 60 000 чалавек», — казаў пацярпелы па папярэднім допыце.

Ліпень у судзе патлумачыў:

«Я палічыў, што чалавек здзейсніў злачынства, напісаў толькі адно слова і выйшаў з інтэрнэту. Напісаў на эмоцыях. Раскайваюся ў зробленым, але пазоў не прызнаю».

Суд пастанавіў пакараць Ліпеня штрафам у памеры 1 000 руб, без дабаўлення тэрміну абмежавання волі.

Па ранейшых судах абвінавачаны павінен быў сплаціць кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды пацярпелым супрацоўнікам міліцыі ў памеры 5 500 рублёў і судовыя выдаткі ў памеры 522 рублі. Цяпер гэтая сума, з улікам новага матэрыяльнага пазову, істотна вырасла.