Памяці Дзмітрыя Завадскага

Сёлета споўнілася 9 гадоў з таго дня, як без вестак знік аператар Дзмітрый Завадскі. 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў на машыне ў аэрапорт “Мінск–2, каб сустрэць свайго калегу Паўла Шарамета, і знік пры нявысветленых абставінах.



0d0871f0806eae32d30983b62252da50.jpg

Сёлета споўнілася 9 гадоў з таго дня, як без вестак знік аператар Дзмітрый Завадскі. 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў на машыне ў аэрапорт “Мінск–2, каб сустрэць свайго калегу Паўла Шарамета, і знік пры нявысветленых абставінах.
У сакавіку 2002 года чатыром былым супрацоўнікам спецпадраздзялення МУС Беларусі “Алмаз былі прад’яўленыя абвінавачванні ў выкраданні Завадскага. Па версіі следства, матывам паслужыў рэпартаж тэлекампаніі НТВ, падрыхтаваны Дзмітрыем, дзе расказвалася, што сярод байцоў, якія ваявалі на баку чачэнскіх сепаратыстаў, знаходзіліся і грамадзяне Беларусі. Валеры Ігнатовіч і Максім Малік былі асуджаныя да пажыццёвага зняволення. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі. Сям’я Завадскага лічыць, што доказы віны асуджаных былі сабраныя з парушэннем заканадаўства, і што сапраўдныя вінаватыя да гэтага часу знаходзяцца на свабодзе.
Грамадскасць лічыць, што Завадскі быў забіты. Але за 9 гадоў следчыя не знайшлі, каго ў гэтым вінаваціць, як і не знайшлі яго цела. Справу аб выкраданні Дзмітрыя Завадскага некалькі разоў прыпынялі і ўзнаўлялі. Апошні раз яна была прыпыненая ў 2006 годзе, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, і да гэтага часу не ўзнаўлялася. Сям’я зніклага журналіста абураная тым, што за 9 гадоў следчыя органы не змаглі знайсці новых звестак, каб даць ход справе ці перадаць яе ў судовую вытворчасць. Маці і жонка зніклага неаднаразова заяўлялі хадайніцтвы і звярталіся да беларускага і расійскага прэзідэнтаў, а таксама да кіраўнікоў урадаў еўрапейскіх краін і ЗША з прапановай пра стварэнне незалежнай экспертнай камісіі па расследаванню спраў зніклых.
Нагадаем, што да Завадскага без вестак зніклі экс-міністр унутраных спраў генерал Юрый Захаранка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання, старшыня ЦВК Віктар Ганчар і яго сябра прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Па назіранні за гэтымі чатырма гучнымі справамі быў створаны спецыяльны камітэт пры Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. А Рэспубліка Беларусь так і не ратыфікавала “Канвенцыю аб абароне ўсіх людзей ад гвалтоўных знікненняў, прынятую ў канцы 2006 года Генеральнай Асамблеяй ААН.