Памёр бацька Аляксандра Тарайкоўскага

СМІ паведамляюць пра смерць Валерыя Тарайкоўскага, чый сын, Аляксандр Тарайкоўскі, быў забіты падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года. Мужчына памёр 26 траўня, але сям'я не афішавала гэты факт.

21vt1_23_1.jpg


Сёлета яму павінна было споўніцца 60 гадоў.

«Усё здарылася нечакана, у яго не назіралася праблем са здароўем, ні на што не скардзіўся, а тут вось сэрца схапіла раптоўна. І ў той момант ён быў адзін. Чаму так? Мы думаем, паўплывалі перажыванні за Сашу», — прыводзіць REFORM.by словы сваякоў.

Валерыя пахавалі 28 траўня побач з сынам на Заходніх могілках у Мінску.

Нагадаем, 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты падчас акцыі пратэсту ля метро «Пушкінская» ўвечары 10 жніўня. У яго стрэліў адзін з сілавікоў — гумовымі кулямі, але з даволі блізкай адлегласці, некалькі разоў і прама ў жывот (гэта трапіла на відэа). У выніку, як сказалі ў СК «у сілу збегу шэрагу трагічных абставінаў», адно з раненняў аказалася пранікальным, і Тарайкоўскі загінуў на месцы.

Пасля паўгадавой праверкі СК заявіў, што Тарайкоўскі нібыта сам правакаваў сілавікоў тым, што ішоў у іх бок і «нахабна стаяў», і яны паступілі правільна, ужыўшы зброю. У лютым 2021 года ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. З моманту атрымання адмовы адвакат бацькі Тарайкоўскага Альвіна Мінгазава спрабавала атрымаць копію пастановы аб адмове і азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Яна накіроўвала зварот у СК, аднак ёй прыйшла адмова.