Папа заклікаў да адмены смяротнага пакарання
Пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане 21 лютага Папа Рымскі Францішак выступіў з заклікам супраць смяротнага пакарання. Ён нагадаў, што 22 лютага ў Рыме пачнецца міжнародная канферэнцыя па гэтай тэматыцы, i пажадаў, каб форум даў новы імпульс дзейнасці супраць пакарання смерцю.
Пантыфік лiчыць знакам надзеі той факт, што ў свеце ўзрастае супраціў адносна смяротнага пакарання, “нават як сродку легітымнай самаабароны грамадства”, перадае Радыё Ватыкана. На яго думку, сучасныя грамадствы маюць магчымасці для эфектыўнага стрымання злачынцаў, не пазбаўляючы іх магчымасці адкуплення за здейсненыя правіны.
Праблему трэба вырашаць ў кантэксце сістэмы карнага правасуддзя, якое павінна як мага больш адпавядаць годнасці чалавека і Божай задуме аб чалавеку і грамадстве, быць адкрытым на “надзею на рэсацыялізацыю” злачынцы. Запаведзь “не забі” мае “абсалютную каштоўнасць” і тычыцца кожнага, сказаў Святы Айцец.
Жыццё з’яўляецца неад’емным дарам Бога. “Звяртаюся да сумлення кіраўнікоў, каб было дасягнута міжнароднае паразуменне ў справе адмены смяротнага пакарання”, — сказаў Папа.
Ён прапанаваў кіраўнікам каталіцкага веравызнання ўчыніць адважны і ўзорны жэст: “каб на працягу Святога Году Міласэрнасці не было здзейснена ніводнага пакарання смерцю”.
“Усе хрысціяне і людзі добрай волі сёння пакліканы не толькі да дзейнасці на карысць адмены смяротнага пакарання, але таксама паляпшэння ўмоваў у турмах, шануючы чалавечую годнасць асобаў, пазбаўленых свабоды”, — дадаў Пантыфік.